Андрэя Дынько выключылі са сьпісу невыязных
Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько атрымаў ліст зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у якім выказваюцца выбачэньні, што яго памылкова ўключылі ў сьпіс невыязных. Ліст датуецца 9 верасьня, але Андрэю Дынько ён дасланы толькі цяпер.
Андрэя Дынько ссадзілі зь цягніка «Менск — Вільня» 14 сакавіка. Прычыну
абмежаваньня права на выезд памежнікі не ўдакладнілі, параіўшы
зьвяртацца ў Аддзел грамадзянства і міграцыі МУС па месцы жыхарства.
Пазьней Андрэю Дынько ў Аддзеле грамадзянства і міграцыі выдалі даведку,
што ён уключаны ў сьпіс невыязных зь Беларусі нібыта за «ўхіленьне
ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве».
«Я падаваў скаргі па інстанцыях, і толькі пасьля шостага ліста выключылі
са сьпісу. А каштавала мне гэта таго, што некалькі запрашэньняў
на выступы давялося адхіліць. Страціў магчымасьць зарабіць. Маўляў,
адбываліся тэхнічныя збоі ў сакавіку, і маё прозьвішча таксама трапіла
ў базу невыязных. Гэта была відавочная палітычная справа. І гэта было
скіравана супраць мяне як рэдактара незалежнай газэты, супраць нашай
газэты наагул. Але гэта была высокая ацэнка нашай працы, зь іншага боку.
Абы-каго туды не ўключалі».
Сьпіс невыязных, у які трапілі два дзясяткі апазыцыйных палітыкаў,
грамадзкіх дзеячаў і журналістаў, пачаў дзейнічаць з сакавіка гэтага
году.
На канец жніўня ў сьпісе з гэтага ліку застаўся шэф-рэдактар газеты «Наша Ніва» Андрэй Дынько.