На выбарах у мясцовыя Саветы ўлады зноў выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс
Пра гэта БелаПАН паведаміў выканаўчы дырэктар грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак.
“Сёньня мы атрымалі ліст Маладэчанскага райвыканкама з усімі атрыбутамі (на бланку, з друкам), адрасаваны кіраўнікам прадпрыемстваў. У ім гаворыцца, што “11 студзеня ў райвыканкаме адбудзецца працоўная нарада аб ходзе датэрміновага галасаваньня. Быць падрыхтаванымі да справаздачы”. Я тэлефанаваў у райвыканкам Маладэчна, мне пацьвердзілі, што такая нарада сапраўды адбылася”, – сказаў А.Гулак.
Пры гэтым праваабаронца зьдзіўляецца, з якога боку тут кіраўнікі прадпрыемстваў. “Атрымалася, што кіраўнікі прадпрыемстваў, сябры камісій, Цэнтрвыбаркам – усе ведаюць вынікі датэрміновага галасаваньня. Інфармацыю не даюць толькі назіральнікам і кандыдатам у дэпутаты”, – адзначыў А.Гулак.
Сёньня актывісты БХК наведалі выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў тым самым будынку, што і офіс грамадзкага аб’яднаньня. “Курсанты школы міліцыі строем, пад кіраўніцтвам сваіх начальнікаў ідуць на выбарчы ўчастак. На мой погляд, ніхто не замінаў ім прыйсьці 14 студзеня, у дзень галасаваньня, і прагаласаваць. Як я чуў, ніякіх надзвычайных сітуацый або вайсковага становішча ў нас не плануецца, каб вось так прыводзіць курсантаў для галасаваньня”, – падкрэсліў праваабаронца.
Таксама А.Гулак адзначыў, што дагэтуль не хапае інфармацыі аб кандыдатах у дэпутаты. “Мы абыйшлі раён – шчыты, на якіх павінны быць агітацыйныя матэрыялы, пустыя”, – канстатаваў ён.
Па словах праваабаронцы, гэтыя факты задакументаваныя і будуць прыкладзеныя да выніковай справаздачы па назіраньню за выбарамі.