Назіральнікі на мясцовых выбарах сутыкаюцца з праблемай атрыманьня інфармацыі пра ход датэрміновага галасаваньня.
Такую выснову зрабіў выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак на падставе інфармацыі пра першыя дні датэрміновага галасавання, якое пачалося 9 студзеня.
Паводле яго слоў, дамагчыся якой-небудзь інфармацыі ад сяброў і старшыняў камісій немагчыма. “Мала дзе нашым назіральнікам казалі пра колькасць выбаршчыкаў на ўчастку. А атрымаць інфармацыю пра тое, колькі чалавек прагаласавала або колькі бюлетэняў паступіла на ўчастак, наогул немагчыма. Сябры камісій тэлефануюць старшыне, старшыня – яшчэ кудысьці, потым прымаецца рашэнне: ніякіх дадзеных не даваць”, – распавёў А.Гулак.
Паводле яго слоў, нават на пісьмовыя заявы аб падаванні інфармацыі сябры камісій і іх старшыні не рэагуюць.
А.Гулак таксама адзначыў, што кандыдаты ў дэпутаты сутыкаюцца з праблемай інфармавання насельніцтва, “што прызнала і кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына ў адным з інтэрв’ю”. Аднак, паводле слоў праваабаронцы, такую сітуацыю стварылі тыя, “хто вызначаў дазволеныя месцы для агітацыйнай прадукцыі і сустрэч з выбаршчыкамі”.
“У мяне ў руках карта Сухараўскай выбарчай акругі №27. У ёй пражывае больш за 20 тысяч выбаршчыкаў. І на ўсю акругу – адно месца для агітацыйных матэрыялаў і адно месца для сустрэч з выбаршчыкамі. І гэтае месца для сустрэч знаходзіцца практычна на будаўнічай пляцоўцы”, – адзначыў А.Гулак. Паводле інфармацыі праваабаронцы, 11-12 студзеня на шматлікіх вытворчых прадпрыемствах і ў навучальных установах запланаваныя “перадвыбарныя сустрэчы”.
“Самае дзіўнае – гэта не сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. Праводзіць іх будуць прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў і ідэалагічныя працаўнікі. Не выключана, што на такіх сустрэчах усім будзе прапанавана прагаласаваць датэрмінова”, – сказаў А.Гулак БелаПАН.