Памежнікі “палююць” на праваабаронцаў: на мяжы затрымалі Насту Лойка
На некалькі гадзін 6 кастрычніка на літоўска-беларускай мяжы была затрыманая праваабаронца Наста Лойка. Гэта здарылася, калі дзяўчына вярталася з Вільні рэйсавым аўтобусам праз памежны пераход "Каменны Лог".
Памежнікі правялі асабісты дагляд праваабаронцы і яе рэчаў, пасьля чаго быў складзены адпаведны акт. Позна ўначы Наста вярнулася ў Менск.
“Паляваньне” мытнікаў на праваабаронцаў, набывае ў апошні час сістэмны характар.
Так, 30 верасня на беларуска-украінскай мяжы, у пункце пропуску “Новая Гута”, мытнікі завярнулі на дагляд аўтамабіль сям’і грамадскіх актывістаў Сержука Семянюка і Ірыны Смяян-Семянюк. Сям’я вярталася з Украіны, дзе на выходных наведвала сваякоў. Дагледзелі не толькі аўтамабіль, але і ўсе асабістыя рэчы, склаўшы акты дагляду. Нічога забароненага мытнікі не знайшлі.
А 1 кастрычніка на польска-беларускай мяжы больш за 5 гадзін «правяралі» праваабаронцу Зміцера Салаўёва. Ягоны аўтамабіль загналі ў бокс, зазіралі ва ўсе аддзелы, пад капот, дагледзелі нават дно. У самым аўто цікавасць мытнікаў выклікаў плакат з выявай Алеся Бяляцкага, дыскі на тэму смяротнага пакарання і дапаможнік для назіральнікаў за выбарамі. Акту дагляду і канфіскацыі не складалі, прычыны такога доўгага затрымання не тлумачылі.