viasna on patreon

У Магілёве актывіст БСДП (Г) абскарджвае сваё звальненне праз суд

2012 2012-10-09T12:15:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bsdpg-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адпаведны пазоў Мікалай Залозны падаў у суд Ленінскага раёна горада.

Актывіст Грамады праз суд хоча аднавіцца на працы і спагнаць са свайго былога працадаўцы “Магілёўаблсельбуда” сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.

Мікалай Залозны таксама праз суд хоча дамагчыся адмены дысцыплінарных спагнанняў, вяртання яму нявыплачаных прэмій і даплат у адпаведнасці з мінулым кантрактам, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з незаконным звальненным.

Нагадаем, што актывіст БСДП (Г) працаваў у “Магілёўаблсельбудзе” слесарам-сантэхнікам. З пачаткам парламенцкай выбарчай кампаніі яго начальнік Павел Шышоў абвінаваціў у тым, што ён увайшоў у склад ініцыятыўнай групы іншага актывіста Грамады Леаніда Падбярэцкага і не ўведаміў яго пра гэта пісьмова.

Начальнік быў моцна незадаволены тым, што яго рабочы звязаны з апазіцыяй і цягам болей як двух месяцаў шукаў магчымасці пазбавіцца ад яго: прымушаў іншых пісаць на яго дакладныя, на падставе якіх пазбаўляў яго прэмій, надбавак, перавёў яго на іншае месца працы і ў выніку, пасля адмовы Мікалая Залознага падпісаць новы варыянт ганебнага кантракта, у сувязі са змяніўшыміся ўмовамі працы, ён быў звольнены.

Сам Мікалай Залозны кажа, што да выбараў у яго не было ніякіх праблем з наймальнікам, ён быў на добрым рахунку і штомесяц атрымліваў прэмію.

“Я працаваў сумленна. Пра гэта таксама сведчыць і ліст з гарвыканкаму, у якім адзначаецца, што на маім аб’екце колькасць скаргаў за апошнія гады істотна знізілася ў параўнанні з іншымі гадамі, - кажа актывіст БСДП (Г).  

Ужо пасля таго, як распачаўся канфлікт, Залозны напісаў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, у якім ён выкрыў розныя махінацыі, праведзеныя яго  начальнікам Паўлам Шышовым, звязаныя са злоўжываннем ім службывымі паўнамоцтвамі і карупцыяй. Пасля гэтага ліста Мікалай Залозны спадзяецца, што ў дачыненні да яго былога працадаўцы будзе ўзбуджана крымінальная справа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства