Супрацоўнікі КДБ прыкрываюцца Упраўленнем адукацыі, каб выманіць інфармацыю ў студэнтаў
8-га кастрычніка студэнтку 4-га курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава Іну Панчкоўскую выклікалі на размову ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. Фармальная прычына – даведацца, навошта дзяўчына хоча атрымліваць другую вышэйшую адукацыю ў БДУ. Аднак падчас сустрэчы супрацоўнікі КДБ, якія хаваліся за пасады ва Упраўленні адукацыі, цікавіліся выездам за мяжу студэнткі.
Тры тыдні таму супрацоўнік міліцыі размаўляў з маці Іны. Паколькі самой дзяўчыны не было дома, міліцыянт праз сваякоў передаў, што яна з’яўляецца сведкай нейкай бойкі. Насамрэч жа Іна Пачкоўская ніякую бойку не бачыла і сведкай супрацьпраўных дзеянняў не была.
Праз пэўны час пільную ўвагу да яе стаялі праяўляць у адміністрацыі ўніверсітэта. Дзяўчына выявіла жаданне атрымаць паралельную другую вышэйшую адукацыю ў Белдзяржуніверсітэце. Таму звярнулася ў дэканат і рэктарат з просьбай дазволіць ёй вучобу, як таго і патрабуе працэдура. Спачатку заяву студэнткі перакідвалі з аднаго кабінета ў іншы, аднак пасля прарэктар заявіў, што Упраўленне адукацыі зацікавілася яе асобай, таму яе будуць выклікаць на размову.
Першае, што насцярожыла дзяўчыну, мужчыны, якія спачатку прадставіліся супрацоўнікамі Упраўлення, не сказалі адрас, куды трэба прыехаць, а сустрэлі яе на падыходзе да будынка. Сустрэча праходзіла ў вялікай актавай залі, праводзілі яе два мужчыны, якія працяглы час не хацелі называць свае імёны і пасады. Аднак з размовы і паводзінаў стала зразумела, што яны прадстаўляюць КДБ. Яны пыталі студэнтку пра выезды за мяжу - з кім яна выязджала, хто за гэта плаціў. Размова скончылася на павышаных танах, бо Іна Пальчэўская адмаўлялася адказваць на большасць пытанняў, якія не мелі дачынення да тэмы размовы, на якую яе першапачаткова выклікалі – паступленне ў БДУ.
Пасля сустрэчы яна напісала скаргу на імя начальніка Упраўлення адукацыі Партызанскага раёна з патрабаваннем патлумачыць, хто менавіта правозіў гутарку і на якой падставе.
У вуснай форме старшыня ўпраўлення Алена Асадчая не змагла сказаць, хто менавіта прысутнічаў у актвай залі. “Мне проста патэлефанавалі з аддзела кадраў Міністэрства адукацыі і папрасілі прадаставіць памяшканне. Хто гэтыя людзі, мне невядома”, - адказала чыноўніца.