viasna on patreon

Гомельскага палітыка Ўладзімера Сякерку зьнялі зь цягніка на памежнай станцыі

2012 2012-10-15T12:07:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

14 кастрычніка позна ўвечары на памежнай чыгуначнай станцыі «Цяруха» зь цягніка Чарнігаў — Гомель быў зьняты кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка.
«Цягнік затрымалі на 20 хвілін — памежнікі не маглі мне патлумачыць, чаму мяне высаджваюць з вагона. Урэшце начальнік зьмены, старшы лейтэнант Алеся Цыганкова заявіла, што нібыта ёсьць прэтэнзіі да майго пашпарта, хоць з гэтым пашпартам я ўжо пяць гадоў ежджу за мяжу, у тым ліку і ў краіны Эўразьвязу», — распавёў Уладзімер Сякерка.
На пункце пропуску «Цяруха» мытнікі правялі асабісты агляд апазыцыйнага палітыка.

Пазьней памежнікі склалі акт, у якім пазначылі прычыну затрымкі цягніка: «Высадка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які праходзіць па сьпісе базы дадзеных».
Правяралі Сякерку да 2 гадзіны ночы. Ніякіх прэтэнзіяў да ягонага пашпарта памежнікі больш ня мелі і ўрэшце пасадзілі Ўладзімера ў цягнік Кіеў — Менск, якім ён і дабраўся да Гомеля а 4 гадзіне раніцы.

Па словах спадара Сякеркі, у верасьні беларускія памежнікі высадзілі яго на станцыі Гудагай, калі ён вяртаўся ў Беларусь зь Вільні. Палітык мае намер высьветліць, хто, калі і на якой падставе ўнёс яго ў таемны «сьпіс базы дадзеных».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства