Чаму памёр арыштаваны ў бальнічнай камеры СІЗА Менска?
У межах маніторынгу пенітэнцыярнай сістэмы, які праводзіць Праваабарончы цэнтр “Вясна”, праваабаронцы атрымліваюць лісты, у якіх асуджаныя прыводзяць канкрэтныя факты парушэння правоў чалавека ў дачыненні да людзей, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай і адбываюць пакаранне, паведамляюць пра катаванні, прыводзяць іншыя сведчанні бесчалавечага абыходжання да зняволеных.
У чарговым лісце аднаго з вязняў, які зараз адбывае пакаранне ў адной з беларускіх калоній, змешчаныя сведчанні аб трагічнай падзеі, якая мела месца ў другой палове дня 11 чэрвеня 2010 года Ў СІЗА на вул Валадарскага ў Менску.
Прыведзеныя ніжэй падзеі адбываліся ў камеры №30, якая з’яўляецца адной з камер бальнічнага стацыянара СІЗА для падследна-арыштаваных з падазрэннямі на сухоты. Насупраць яе – камера №27 для хворых на псіхічныя растройствы. Абедзве камеры абсталяваныя вентыляцыйнымі вакенцамі вышынёй 10-20 сантыметраў, праз якія пры пэўных высілках можна назіраць частку калідора перад камерамі.
Далей зняволены паведамляе:
“У той час я знаходзіўся ў камеры №30. Пачуў, як з 27 камеры сталі даносіцца моцныя крыкі аднаго з хворых, якія прыцягнулі ўвагу ўсіх нашых сукамернікаў. Хаця, патрэбна адзначыць, падобныя крыкі з гэтай камеры даносяцца даволі часта. Нагэты шум з’явіліся дзяжурны кантралёр бальнічнага стацыянара і медперсанал. Аднак, пераканаўшыся, што гвалту з боку сукамернікаў да хворага не заўважаецца, яны запатрабавалі ад хворага, каб той замаўчаў і супакоіўся па-добраму, інакш будзе выкліканы рэзерв кантралёраў. Дзяжурны кантралёр запатрабаваў таксама ад іншых хворых, каб яны “паўплывалі” на крыкуна. Пасля гэтага нейкі час было ціха. Але каля 17 гадзін крыкі аднавіліся, прычым сталі яшчэ больш моцныя.
За падзеямі я назіраў з сукамернікамі праз вентыляцыйнае вакенца. Некалькі кантралёраў ізноў увайшлі ў камеру да хворага і пасьля валтузні сталі “супакойваць” апошняга гумавымі дручкамі. Пры гэтым мы чулі задзірлівы смех, які сведчыў, што кантралёры ад збіцця хворага атрымлівалі задавальненне. Нарэшце хворага збілі з ног, скруцілі і прывязалі да нараў. Ён крычаў і намагаўся вызваліцца. За гэта яго лупцавалі яшчэ мацней. У выніку няшчасны замаўчаў, а кантралёры сыйшлі, зачыніўшы дзверы камеры.
Час набліжаўся да вячэрняй праверкі і перазменкі кантралёраў, якая ў СІЗА адбываецца ў 18 гадзін.
Пасьля праверкі ў дзверы камеры №27 знутры сталі моцна стукаць і прасіць, каб нехта падыйшоў з супрацоўнікаў СІЗА. Да камеры падыйшла кантралёр па імені Насця, якой праз дзверы паведамілі, што хворы перастаў дыхаць. Выслухаўшы скаргі кантралёр сыйшла, а праз хвілін 40 з камеры ізноў пачуўся настойлівы стук. Стукалі ўсё мацней і мацней хвілінаў 15. Ізноў з’явіўся кантралёр, якой хворыя сталі настойліва тлумачыць, што сукамерніку патрэбна тэрміновая дапамога, паколькі ён амаль гадзіну не падае прыкметаў жыцця. Кантралёр выклікала дапамогу. Прыйшоў дзяжурны медработнік Саша (імя можа не адпавядаць рэчаіснасці), карпусны (у асяродку СІЗА мае мянушку “Гвоздзь”) і некалькі кантралёраў. Яны адчынілі камеру і, развязаўшы хворага, выцягнулі яго на калідор. Там медык пачаў рабіць масаж сэрца, разводзячы і зводзячы ўбакі рукі і націскаючы яму на грудзі. Пасьля медработнік пабег у працэдурны кабінет і вярнуўся абураны тым, што няма адрэналіну… Да тэлефона падыйшоў карпусны і са словамі: “Я выклікаю “хуткую” патэлефанаваў на КПП№1. Пры гэтым ён запытаўся ў медработніка, што паведаміць хуткай? У адказ прагучала: “Скажы, спынілася дыханне”. Медык пры гэтым працягваў рабіць масаж сэрца.
Мы ў сваёй камеры добра чулі, як у размове карпуснога з кантралёрамі прагучала прозвішча непрытомнага хворага – Семяновіч, а аднаго з тых, хто гадзінай раней яго супакойваў гумавым дручком – Бабко. Урэшце кантралёры заўважылі, што мы падслухоўваем іхнюю размову і зачынілі закрыўку вентыляцыйнага вакенца нашай камеры. Больш мы нічога не бачылі, толькі пачулі праз дзверы, што хворы памёр…”
Каментуючы чарговае сведчанне аб злачынным бяздзеянні супрацоўнікаў СІЗА №1 Менска, якое прывяло да гібелі падследна-арыштаванага, эксперт Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка адзначае наступнае:
“Пра тое, што ў месцах пазбаўлення волі жыццё і здароўе чалавека - зусім не вышэйшыя каштоўнасці вядома даўно. Следчыя ізалятары, дзе ўтрымліваюцца, як правіла, яшчэ не прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства і не выключэнне з правіла: персанал гэтых устаноў свой абвінаваўчы «прысуд» спецкантынгенту ўжо вынес... Адзінкавыя выпадкі гвалту над зняволенымі становяцца шырока вядомымі, і прычын гэтага некалькі. Па-першае, пенітэнцыярная сістэма даўно збіла ахвоту камусьці са зняволеных паведамляць і сведчыць ў тых выпадках, калі яны сталі сведкамі злоўжыванняў з боку персаналу месцаў зняволення.
Па-другое, органы, на якія ўскладзены абавязак рэагаваць на стаўшыя вядомымі выпадкі такога кшталту, сочаць хутчэй за чысцінёй мундзіра, чым за выкананнем закона.
Па-трэцяе, адсутнасць грамадскага кантролю за месцамі прымусовага ўтрымання дазваляе пакідаць у сценах установы усё тое, што можа стаць аб'ектам увагі родных і блізкіх зняволеных, юрыстаў і праваабаронцаў. Нават у тых выпадках, калі злачынства атрымлівае ацэнку з боку суда, як гэта было пасля гібелі аднаго з арыштаваных у СІЗА г.Бабруйска, гэтая ацэнка ў сілу сваёй мяккасці не адпавядае цяжару, здзйсненага службовымі асобамі”.