Па гарачых слядах ужо былыя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў выказалі сваё меркаванне аб праведзенай выбарчай кампаніі
Ацэнка адна – махлярства з боку “вертыкалі” не ведала межаў, паведаміла hrodna.by. Члены камісій гэтым разам нават не спрабавалі прыхаваць свае злачынныя дзеянні па падтасоўцы дадзеных. Прагучаў нават такі факт.
Знаёмая з складу выбарчай камісіі кандыдаткі ў дэпутаты Смаргонскага гарадскога Савета спд. Вештард нібыта прызналася апошняй, што яна, кандыдатка, набрала 78 працэнтаў галасоў. Аднак камісія “запісала” Вештард толькі 20.
Вось вам і ўся праўда аб дзеяннях камісій і яе старшыні. Магчыма, у лепшыя часы нехта з іх і сядзе ў турму за гэтыя выбрыкі. Аднак пакуль што ўлада і яе верныя слугі адчуваюць сябе бяспечна. Хіба, магчыма, падзеі з нафтай крыху ацвярэзяць…
Адзін з дэмакратычных грамадскіх лідэраў Гродзеншчыны Сяргей Мальчык, ацэньваючы вынікі мінулых выбараў у мясцовыя Савета, заўважыў, што пастаўленыя мэты і задачы правалены. Ніхто з прысутных на пасяджэнні гарадскога прэс-клуба яму актыўна і не запярэчыў…
Алесь Зарэмбюк балатаваўся ў Мастоўскі раённы Савет, дэпутатам якога быў дагэтуль. Яму ў выніку для перамогі не хапіла двух (!) галасоў. На выбарчым участку таксама “хімічылі”: то раптам члены камісіі дружна аб’явілі, што трэба сталы расставіць на свае месцы. То ў пакоі, дзе захоўваліся выбарчыя ўрны засталася чагосьці толькі адна сакратарка камісіі. Мінут 40 бавілася адна.
А.Зарэмбюк і яго калегі ўсё ж дачакаліся сакратарку, якая, не вытрымаўшы асады, заспяшалася дадому. Да гэтай мінуты ліха падкаціў легкавік з адказнай асобай за выбарамі на гэтым участку. Прадстаўнік райвыканкаму, пабачыўшы машыну незалежных кандыдатаў у дэпутаты, даў дзёру. Можа, яму не спадабаўся лозунг на машыне дэмакратычных вылучэнцаў
– “Зарэмбюк: выкараніць карупцыю ў Мастах!”.
Масты і раён па-ранейшаму застаюцца цэнтрам, дзе разумная работа каманд кандыдатаў дае плён. Дэпутатам раённага Савета абраны Дзмітрый Кухлей. Сам ён патлумачыў гэты факт так:
- Трэба пільна кантраляваць увесь выбарчы працэс на сваіх участках. Па-магчымасці, быць крок наперадзе “вертыкалі”. Не ісці на кампрамісы і стаяць на літары Законаў і Выбарчага кодэксу. Дарэчы, члены камісій, як правіла, не ведаюць, іх патрабаванняў. Кожны факт парушэнняў фіксаваць у пратаколах, даводзіць сваё, трымаючы ў руках той жа Выбарчы кодэкс…
Не сталі дэпутатамі Сяргей Антусевіч і Сяргей Кузьмянок. Яшчэ нядаўна абодва былі дэпутатамі Гродзенскага гарсавета.
Сяргей Антусевіч спазніўся на пасяджэнне прэс-клуба, бо быў на судовым пасяджэнні. Разглядалі справу Міколы Лемяноўскага з яго выбарчай каманды. Ён быў затрыманы каля СШ № 11, дзе знаходзіўся выбарчы ўчастак. Трое сутак адсядзеў.
- Гэта імітацыя выбараў. Некаму з “вертыкалі” захацелася спалучыць яе разам з Новым годам, каталіцкімі і праваслаўнымі Калядамі. Адсюль і актыўнасць выбаршчыкаў не вельмі высокая. А гэта прывяло да парушэнняў заканадаўства, бо неабходна было мець патрэбныя лічбы. Не грэбавалі нічым.
Быў і такі факт. Члены адной з камісій, каб забяспечыць патрэбны працэнт прагаласаваўшых, узялі урну і паехалі нібыта па адрасах выбаршчыкаў, якія званілі і запрасілі прыехаць, каб прагаласаваць дома. Прыехалі ў адну з кватэр, куды ніхто не запрашаў, але жыў выбаршчык. А той выбаршчык ляжаў у труне. Уяўляеце карцінку: прыехалі да нябожчыка ў спадзяванні, што той прагаласуе! Патапталіся члены выязной камісіі каля дзвярэй са сваёй скрыняй – ды ціхенька вышмыгнулі вон…
Журналісты цікавіліся ў прысутных пра іх стаўленне ўвогуле да ўдзелу ў выбарах. Ці трэба апазіцыйным вылучэнцам удзельнічаць у гульні, якая вядзецца без правіл і вынікі якой вядомы, шчыра кажучы, яшчэ да іх падвядзення? Маладыя кандыдаты ў дэпутаты выказаліся адназначна: удзельнічаць трэба, каб набыць вопыт. Прапагандаваць свае погляды, нагадваць выбаршчыкам, што ёсць яшчэ людзі, не згодныя з рэжымам.
А вось Сяргей Антусевіч выказаў такую думку:
- “Вертыкаль” спецыяльна ўключае нашых вылучэнцаў кандыдатамі ў дэпутаты, каб прыцягнуць на выбарчыя ўчасткі больш грамадзян. Мы сталі ў нейкай меры стымулам для дэмакратычных выбаршчыкаў, і яны ідуць, каб нас падтрымаць. Гэта патрэбна ўладзе, каб склаліся працэнты яўкі і выбары былі законнымі ў разуменні рэжыму.
Магчыма, ёсць сэнс у будучым дэмакратычным сілам адмовіцца, скажам, ад удзелу ў выбарах у парламент. Няхай “вертыкаль” сама сябе выбірае, скіне з аблічча маску дэмакратызму, бо ёй не будзе магчымасці сказаць: “Глядзіце, выбары легітымныя і ўлада легітымная. Апазіцыйныя сілы ўдзел бяруць. Чаго больш трэба!”.
Падчас сустрэчы гучала ацэнка і лакальнай перадвыбарнай кааліцыі партый і грамадскіх рухаў. Спачатку было ўсё добра: прадстаўнікі збіраліся, падпісалі агульную дэкларацыю. Аднак, калі справа дайшла да вызначэння кіраўніка рэгіянальных кааліцыйных сіл, то ўласныя амбіцыі іншых лідэраў партый паставілі крыж на адзінстве. Свой Статут бліжэй і партыйная дысцыпліна вымагае…
Магчыма, так і павінна было быць. Кандыдатаў вылучалася мала, а акругаў многа. Дэмакраты не перасякаліся паміж сабой. Калі ў Гродна кааліцыя не адбылася, то аб’яднаныя сілы партый і грамадскіх рухаў добра спрацавалі ў Мастах, Слоніме, Смаргоні, нягледзячы на пройгрыш у апошніх у пераліку гарадах.
Прагучала старая, як дэмакратыя, думка, што з выбаршчыкамі трэба працаваць кожны дзень, а не толькі ў час выбараў. Неабходна ісці шляхам народнікаў, каб патрапіць у кожную вёску і кожны дом. Выбары - не апошняя магчымасць наладзіць сувязь з грамадствам, удзельнічаць у дэмакратычным працэсе, папрацаваць над іміджам партыі ці руху. Вось з’явіліся новыя маладыя дэпутаты. Яны маюць свае падыходы і свае амбіцыі…
Нічога не гаварылася падчас пасяджэння прэс-клуба пра аднаўленне інфармацыйнага поля. Сёння яно зачышчанае ўладамі да бляску . Ні газет дэмакратычнага кірунку, ні радыё, ні ТВ. Пераслед актывістаў, іх затрыманне і асуджэнне на турэмнае зняволенне павінны шырока асвятляцца СМІ. Інтэрнэт-сайты – добра, але, на жаль, інтэрнэтам не карыстаюцца 80 працэнтаў выбаршчыкаў, якія жывуць у рэгіёнах краіны…
На прыкладзе Гродзеншчыны можна зрабіць выснову, што кіраўнікі дэмакратычнай беларускай кааліцыі (з усімі яе плюсамі і мінусамі) павінны зрабіць грунтоўны аналіз вынікаў выбараў у мясцовыя Саветы. Хопіць кожны раз станавіцца на адны і тыя ж граблі. Колькі ж можна…
Асабіста мне чамусьці запалі ў душу словы маладога дэпутата. Гаворачы аб формах і метадах работы ў час выбараў, ён падкрэсліў, што пры актыўным наступе на “вертыкаль”, яе прадстаўнікі губляюцца і адразу трацяць свой паказны запал, пачынаюць мітусіцца, ледзь не прабачэння прасіць. Адсюль і выснова:
- Баяцца!