Пётр Басейка ў Хоцімскім раёне працы так і не знайшоў
Грамадскі актывіст з Хоцімска Пётр Басейка, якога звольнілі з працы ў Хоцімскім жылкамгасе 25 жніўня гэтага года “у сувязі з сканчэннем тэрміну працоўнай дамовы” за актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі кандыдата ад кампаніі “Гавары праўду” па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерыя Каранкевіча, 16 кастрычніка быў вымушаны з’ехаць працаваць у Расію. Хоць якой-небудзь працы ў Хоцімскім раёне грамадскі актывіст найці не змог, хоць і звяртаўся для працаўладкавання ў розныя арганізацыі Хоцімскага раёна.
Нагадаем, што падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Пётр Басейка быў кіраўніком ініцыятыўнай групы і перадвыбарчага штаба дэмакратычнага кандыдата Валерыя Каранкевіча,, актыўна ўдзельнічаў у цэлым шэрагу грамадскіх і палітычных кампаній.
Па словах Валерыя Каранкевіча, зараз большасць грамадскіх і палітычных актывістаў Хоцімскага раёна вымушаны шукаць сабе працу ў Расіі, бо знайсці хоць нейкую работу ў Хоцімскім раёне ім практычна немагчыма.
“У нас у Хоцімскім раёне існуе негалосная забарона на працаўладкаванне грамадскіх і палітычных актывістаў, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Калі чалавек “засвяціўся” у дзейнасці якой-небудзь дэмакратычнай арганізацыі, можна быць упэўненым, што сваю працу ён згубіць і ў нашым раёне іншай ужо не знойдзе. Каб выжыць, людзі вымушаны з’язджаць працаваць у Расію. Практычна ўсе хоцімскія актывісты Партыі БНФ і кампаніі “Гавары праўду” зараз працуюць у Расіі, бо працы ў раёне для іх няма, хоць у шмат якіх арганізацыях раёна патрабуюцца працаўнікі. Пасля гэтай выбарчай кампаніі з’ехаў працаваць у Маскву Сяргей Петражыцкі, зараз вось быў вымушаны з’ехаць і Пётр Басейка. Я яго разумею, бо пасля звальнення з працы ў камунгасе пачаліся праблемы ў сям’і, грошай не хапала на самае неабходнае, а працы ў Хоцімску ён знайсці не змог, бо знаходзіўся ў негалосным “чорным спісе”.
Валерый Каранкевіч кажа, што падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў на мясцовых актывістаў быў шалёны ціск з боку мясцовых уладаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
“Падчас перадвыбарчай кампаніі на актывістаў маёй ініцыятыўнай групы быў шалёны ціск з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і мясцовых уладаў. Некаторыя сябры нават адклікалі подпісы за маё вылучэнне, так іх запалохалі. Як я ўжо казаў, з-за гэтага ціску многія актывісты з’ехалі працаваць у Расію і зараз у Хоцімску вельмі складана займацца якой-небудзь грамадскай дзейнасцю. Аднак рукі апускаць мы не збіраемся і неяк варушыцца ўсё роўна будзем”, - кажа Валерый Каранкевіч.