У Магілёўскай вобласці распавялі аб дасягненнях дзяржаўных СМІ
У Магілёўскай вобласці 17 кастрычніка прайшоў “адзіны дзень інфармавання насельніцтва”, асноўнай тэмай якога была “Дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці”. Сотні дзяржаўных чыноўнікаў у працоўны час наведвалі прадпрыемствы і арганізацыі вобласці, адрывалі людзей ад працы, каб распавесці пра дасягненні “самых аб’ектыўных” дзяржаўных СМІ Магілёўшчыны.
У інфармацыйных матэрыялах да “адзінага дня інфармавання падкрэслівалася, што “у аснове дзейнасці дзяржаўных СМІ ляжаць інфармацыйна-тлумачальныя, прапагандысцкія і выхавальніцкія функцыі”.
Праўда, чыноўнікі абыйшлі бокам той факт, што ў дзяржаўных і недзяржаўных камерцыйных сродках масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці даўно ўжо не можа прагучаць нейкае альтэрнатыўнае меркаванне прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці, праваабаронцаў ды і проста людзей, думаючых крыху інакш, чым мясцовыя ідэолагі. Між тым, “выкрывальніцкія” артыкулы з нападкамі на прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці і праваабаронцаў на старонках дзяржаўных СМІ Магілёўшчыны з’яўляюцца пастаянна.
Таксама на “адзіным дні інфармавання” не прагучала ніякай інфармацыі і пра тое, што ў Магілёўскай вобласці выходзіць у друк і распаўсюджваецца толькі адна зарэгістраваная незалежная газета – горацкая газета “Узгорак”, ды і тая знаходзіцца пад пастаянным пільным кантролем з боку мясцовых уладаў.
У сваіх выступах прапагандысты ад улады шмат распавядалі аб тым, што ў апошні час значна падвысіўся наклад газет вобласці: калі сярэднеразавы наклад раённых і гарадскіх газет Магілёўскай вобласці на 1.01.2010 года складаў 90718 экзэмпляраў, то на 01.01.2012 года ён дасягнуў 95325 экзэмпляраў. Аднак яны чамусьці забыліся ўзгадаць той факт, што работнікаў бюджэтных арганізацый Магілёўскай вобласці ў абавязковым парадку прымушаюць выпісваць раённую, абласную і рэспубліканскую дзяржаўныя газеты. З боку мясцовых уладаў даводзіцца план па падпісцы на дзяржвыданні і да кожнага прамысловага і сельскагаспадарчага прадпрыемства, выкананне гэтага плану строга кантралюецца ідэолагамі. Кожны паштальён у Магілёўскай вобласці абавязаны падпісаць пэўную колькасць людзей на вызначаныя дзяржвыданні, у іншым выпадку ён не будзе атрымліваць прэміяльных. Вось і вымушаны работнікі паштовай сувязі выпісваць па некалькі экзэмпляраў аднолькавых дзяржаўных газет на ўласную сям’ю.
Між тым, нават прымушаючы людзей падпісвацца на дзяржаўныя выданні, ідэолагі Магілёўшчыны так і не могуць забяспечыць іх выхад на самаакупнасць. Таму ў гэтым годзе перад шмат якімі раёнкамі вобласці была пастаўлена задача неабходнасці пераходу з двухразовага на штотыднёвы выпуск (на яго ўжо перашлі слаўгарадская і хоцімская раёнкі). Таксама з 1 студзеня 2013 года будзе праведзена зліццё рэдакцый двух выданняў - "Магілёўскіх ведамасцяў" і "Магілёўскай праўды", заснавальнікам якіх з'яўляецца аблвыканкам, і на іх базе стварана інфармацыйнае агенцтва "Магілёўскія ведамасці”. Выданне газет працягнецца, але з меншымі фінансавамі выдаткамі.
Сродкаў у Магілёўскай вобласці не хапае, даводзіцца эканоміць нават на “свяшчэннай карове” – дзяржаўных СМІ, якія займаюцца стварэннем прыгожага ідэалагічнага малюнка “квітнеючай” Беларусі для простых людзей…