viasna on patreon

Аляксей Паўлоўскі не абараніў свой гонар і дзелавую рэпутацыю праз суд

2012 2012-10-20T14:49:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/paulouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Суддзя Ленінскага раёна Магілёва Галіна Кужалева не задаволіла пазоў актывіста незалежнага прафсаюза РЭП у дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, пракурора Магілёўскай вобласці Эдуарда Сянкевіча.

Рабочы-будаўнік Аляксей Паўлоўскі пасля тэледэбатаў, якія праходзілі падчас парламенцкай выбарчай кампаніі на тэлеканале “Беларусь 2”, вырашыў падаць у суд на Эдуарда Сянкевіча.

Нагодай для гэтага стала тое, што пракурор адмаўляў факт падзення сцяны на будуючымся заводзе па вырабу мэблі маркі “ІКЕА”. У Аляксея Паўлоўскага ж былі ў наяўнасці фотаздымкі аб адбыўшымся інцыдэнце, тым болей, што мясцовае тэлебачанне рабіла пра гэта сюжэт.

Апроч таго, пракурор Эдуард Сянкевіч папракнуў Аляксей Паўлоўскага тым, што ён не жадае працаўладкоўвацца, што яму 53 гады, а ён усё сядзіць на шыі выбаршчыкаў.

Прафсаюзны актывіст пасля такіх выказванняў убачыў знявагу ў свой адрас і падаў пазоў у суд. Ён прасіў праз суд абавязаць Эдуарда Сянкевіча выплаціць яму 10 млн рублёў маральнай шкоды.

Сам пракурор у суд не з’явіўся. Ён пісьмова прадаставіў свае аргументы, якія зачытала суддзя. Яна палічыла, што ніякага распаўсюджвання несапраўдных звестак Эдуардам Сянкевічам не было, ніхто не ганьбіў годнасць і гонар Аляксея Паўлоўскага, тым болей што гэта былі перадвыбарчыя тэледэбаты.

“Я сапраўды беспрацоўны, але толькі з той нагоды, што мяне ніхто не бярэ на працу, - кажа Аляксей Паўлоўскі. - Мне створаны ў Магілёве такія ўмовы, што ўсе наймальнікі адмаўляюць мне ў прыёме на працу, бо я заўсёды, бачучы нясправядлівасць і парушэнне працоўнага заканадаўства, пачынаю змагацца за адстойванне правоў працоўных. Я пастаянна сутыкаюся з працоўнай дыскрымінацыяй”.

“Ні на якай шыі выбаршчыкаў я не сяджу. Я пастаянна бяру накіраванні з цэнтра занятасці і іду працаўладкоўвацца, аднак мне адмаўляюць у прыёме на працу па надуманных прычынах”, - працягвае прафсаюзны актывіст.

Суддзя Кужалева таксама адзначыла, што 300 тысяч рублёў, аплачаных Паўлоўскім у якасці дзяржаўнай пошліны, недастаткова, і ён мусіць даплаціць яшчэ 300 тысяч. Яна пастанавіла спагнаць гэтыя грошы з пазоўніка.

Сам Аляксей Паўлоўскі з рашэннем суда не згодзен, назваў яго цынічным і збіраецца абскарджваць яго ў вышэйстаячых інстанцыях.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства