viasna on patreon

Польскіх чыноўнікаў не пусцілі ў Беларусь

2012 2012-10-22T10:47:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Чацвярым прадстаўнікам Міністэрства адукацыі Польшчы адмовілі ў беларускай візе.

Яны збіраліся ўзяць удзел у Другім форуме польскамоўнай адукацыі, які прайшоў у Баранавічах. Прычыны адмовы ім не патлумачылі.

Не палічылі патрэбным узняць удзел у мерапрыемстве і прадстаўнікі беларускага Міністэрства адукацыі. Яны камандзіравалі на форум двух кіраўнікоў аддзела адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама, якія ўсіх слухалі, але ў адказ маўчалі.

Зрэшты, нават калі б і хацелі, яны наўрад ці змаглі б растлумачыць, чаму Беларусь не выдае візы і адмаўляе ў праве на працу настаўнікам — носьбітам польскай мовы.

«Сёлета наш дэпартамент і я асабіста займаліся вядзеннем перамоваў па заключэнні пагадненняў аб адукацыі з дзвюма краінамі. З Казахстанам атрымалася дамовіцца: ужо ёсць тэкст пагаднення, цяпер абмяркоўваюцца ўмовы яго падпісання. Другая краіна — Беларусь. Мы былі ў Мінску, і нам атрымалася дамовіцца па 18 пунктах пагаднення з дваццаці. Спрэчным, напрыклад, застаецца пункт аб магчымасці прысылаць з Польшчы настаўнікаў польскай мовы ў грамадскія школы ў Беларусі. Цяпер мы чакаем адказу на нашыя прапановы па гэтым пытанні ад беларускага боку», — цытуе Яцка Мультаноўскага, намесніка дырэктара дэпартамента публічнай і культурнай дыпламатыі Міністэрства замежных справаў Польшчы «Брестская газета».

«Нам важна, каб у людзей, якія вывучаюць польскую мову ў Беларусі, была магчымасць пачуць сапраўдную польскую мову, без дыялектаў, мясцовага налёту.

Гэтага настаўнікі з Беларусі даць не могуць пры ўсім сваім жаданні», — растлумачыў, у сваю чаргу, надзвычайны і паўнамоцны пасрл Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка.

Начальнік аддзела адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама наўрад ці магла адказаць, чаму ў Беларусь не пускаюць настаўнікаў польскай мовы.

Таксама не ў яе кампетэнцыі тлумачыць сітуацыю з падручнікамі: у Беларусі да гэтага часу не выдадзеныя падручнікі на польскай мове па шэрагу дакладных і прыродазнаўчых дысцыплін.

Нагадаем, што артыкул 50 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае, што «дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання».

Як паказаў Форум, на справе дзяржава гарантуе, што ў тых, хто абярэ для навучання сваіх дзяцей польскую мову, будуць праблемы.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства