Быхаўчанін Аляксандр Шачанок дамогся звальнення несумленнага міліцыянта
Участковы Віталь Вашчыла болей не працуе ў Быхаўскім РАЎСе.
Інфармацыя пра звальненне ўчастковага стала вядома Аляксандру Шачанку падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў, які вёў асабісты прыём грамадзян у Быхаве. Міністр выслухаў прэтэнзіі Аляксандра Шачанка да Віталя Вашчылы і паведаміў, што апошні болей не працуе ўчастковым.
У мясцовым РАЎСе інфармацыю аб тым, што Віталь Вашчыла больш у міліцыі не працуе пацвердзілі.
Нагадаем, што Віталь Вашчыла сфабрыкаваў у дачыненні да жыхара вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандра Шачанка адміністрацыйную справу. Паводле ўчастковага Шачанок прызнаваўся ў тым, што збіў сваю суседку. Пад пратаколам, нібыта, стаяў ягоны подпіс.
У судзе справа развалілася, бо адсутнічала сама заява пацярпелай. Акрамя таго Аляксандр Шачанок заявіў, што ягоны подпіс і запіс пад пратаколам зроблены не ягонай рукой. Экпертыза почырка, якая адбывалася двойчы, пацвердзіла гэты факт. Пазней і сам Віталь Вашчыла, у прысутнасці свайго начальніка, прызнаўся, што сам падрабіў подпісы.
У якасці дысцыплінарнага спагнання ўчастковы атрымаў толькі вусную вымову. Незадаволены такім пакараннем міліцыянту, Аляксандр Шачанок ажно чатыры разы накіроўваў у пракуратуру вобласці заявы з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да несумленнага міліцыянта. У чацвёрты раз пракуратура пераслала матэрыялы справы ў Быхаўскі следчы камітэт. Пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы застаецца адкрытым, бо з’явіліся новыя факты.
“Я лічу, што мае скаргі зрабілі сваю справу і Вашчыла пасля іх быў звольнены з міліцыі. Лічу, што так і трэба паступаць з несумленнымі супрацоўнікамі, бо яны не абараняюць грамадзян, а толькі наносяць ім шкоду. Я хачу, каб у дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу за падлог. Тым болей, што ён яшчэ раз падрабіў подпісы, ужо пасля сфальсіфікаванай у дачыненні да мяне справы. У яго гэта стала нейкай нормай”, - паведамляе Аляксандр Шачанок.