Слонім: каталіцкія вернікі рыхтуюць зварот да гарадскіх уладаў
Каталіцкія вернікі распачалі збор подпісаў пад заявай на імя старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча. У заяве каталікі просяць далучыць іх прыход — Касцёл Прасвятой Панны Марыі да агульнай гарадской сістэмы ацяплення.
Справа ў тым, што касцёл Прасвятой Панны Марыі ў Слоніме знаходзіцца ў мікрараёне Альбярцін. Побач з касцёлам — праваслаўная царква Святога Афанасія Брэсцкага, настаўніцкі інтэрнат, райбальніца і іншыя гаспадарчыя аб’екты. Усе яны, акрамя касцёла, падключаны да гарадской цэнтралізаванай сістэмы ацяплення. Да гэтай сістэмы ацяплення заўсёды быў падключаны і касцёл. Але некалькі гадоў таму яго перасталі ацяпляць, хаця прыход аплочваў паслугі па ацяпленню своечасова і поўным аб’ёме.
На пытанне, чаму адключылі касцёл ад ацяплення, адказ адзін: няма магутнасці. Вернікі здзіўлены: раней жа касцёл ацяпляўся, а потым чамусці цяпла перастала хапаць на ўсіх.