viasna on patreon

Дольшчыкі з Брылевічаў запісалі зварот да Лукашэнкі: «УКБ разгарнуў цкаванне і шантаж»

2012 2012-10-25T13:49:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/budaunictva_brylevichy.jpg

Новае пасланне Аляксандру Лукашэнку праз YouTube перадалі грамадзяне, што ўвязаліся ў будаўніцтва дома № 3, які ўзводзіцца паміж вуліцай Сямашкі і мікрараёнам Брылевічы ў Мінску. Зварот зачытвае голас за кадрам. Ён жа з першых секунд тлумачыць: «Дольшчыкі настолькі запалоханыя анархіяй забудоўшчыка, што добраахвотнікаў, якія хацелі б зачытаць зварот на камеру, не знайшлося».

Будаўніцтва 19-павярховага аднапад’езднага жылога дома на вуліцы Сямашкі пачалося ў разгар крызісу — у ліпені 2011 года — і мела завяршыцца ў жніўні 2012-га. Забудоўшчык (УКБ Маскоўскага раёна) і генпадрадчык МАПІД у тэрміны не ўклаліся, піша "Наша ніва" са спасылкай на Onliner.by.

«Падчас заключэння дамоваў дольшчыкі зрабілі свой выбар, што грунтаваўся на даверы дзяржаўным арганізацыям і ўпэўненасці ў тым, што іх дзеянні будуць адпавядаць заканадаўству і ў тым ліку указу № 396 прэзідэнта, — гаворыцца ў відэазвароце. — Але практыка паказала, што мы моцна памыляліся. Такой анархіі мы не чакалі нават ад камерцыйных забудоўшчыкаў».

Палову кватэр у доме будуюць грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Для іх у ліпені 2011-га «квадрат» каштаваў 3 млн 120 тыс. рублёў. Для астатніх дольшчыкаў — 4 млн 90 тыс. Цяпер УКБ прапануе дадатковыя пагадненні з новымі цэнамі: 5,3 млн для тых, хто мае патрэбу, і 6,95 млн для астатніх. Прычым цалкам магчыма, што цана будзе расці, пакуль будуецца дом.

«Гэтая цана разлічаная з улікам фактычных выдаткаў, што супярэчыць нашай дамове ад ліпеня 2011 года, складзенай у адпаведнасці з указам № 396, — кажуць людзі. — Што самае цікавае, дырэктар УКБ, спадар Касцючэнка, не адмаўляе, што цана супярэчыць ўказу № 396, тлумачачы гэта проста: „Выбачайце, так атрымалася, але танней мы пабудаваць не можам“».

Дольшчыкі сцвярджаюць, што ў ліпені 2011 года ўсе ўнеслі перадаплату ў памеры 20%, аднак 8 месяцаў будаўніцтва практычна не рухалася з месца:

«Дзе ўвесь гэты час былі нашы грошы? Дом не будаваўся, УКБ бяздзейнічаў, цана матэрыялаў расла. Са свайго боку мы, дольшчыкі, выканалі свае абавязанні, аплаціўшы ўвесь кошт кватэры ў тэрмін».

Людзі паведамляюць, што звярталіся ва ўсе кампетэнтныя інстанцыі, аж да Адміністрацыі прэзідэнта, але толку мала, а забудоўшчык адчувае сябе беспакарана.

«УКБ вядзе планамернае цкаванне і запалохванне дольшчыкаў, шантажуючы іх тым, што скасуе дамову. Пры гэтым унесеныя дольшчыкамі сродкі вернуць без усялякай індэксацыі, то бок абясцэненымі, — гаворыцца ў звароце. — Парадокс сітуацыі ў тым, што большасць інстанцый пацвярджаюць законнасць нашых патрабаванняў, аднак на дольшчыках гэта ніяк не адбіваецца».

«Мы гатовыя аплаціць нашы кватэры па цане, сфармаванай у адпаведнасці з заканадаўствам, з прычыны росту індэкса БМР у нарматыўны перыяд будаўніцтва. Але мы не збіраемся аплачваць па фактычных затратах, выкліканых бяздзейнасцю і безгаспадарлівасцю забудоўшчыка», — стаяць на сваім дольшчыкі.

«Паважаны спадар прэзідэнт, — падводзяць рысу пад сказаным аўтары звароту. — Мы вельмі разлічваем, што дзякуючы вашаму ўмяшанню вусныя і пісьмовыя абяцанні розных інстанцый навесці парадак нарэшце ўвасобяцца ў жыццё».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства