viasna on patreon

У Нясвіжы ў дзяржаўных установах і арганізацыях адмаўляюцца прадастаўляць інфармацыю журналістам недзяржаўнай газеты «Нясвіжскі час»

2007 2007-01-22T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пры гэтым супрацоўнікі спасылаюцца на адпаведнае распараджэнне намесніка старшыні райвыканкама А.Маісені, які курыруе пытанні ідэалогіі.

Як паведаміў службе маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар “Нясвіжскага часу” Аляксей Белы, толькі на гэтым тыдні карэспандэнтам газеты адмовілі ў атрыманні інфармацыі ў нясвіжскім аддзяленні міліцыі, раённым аддзеле надзвычайных сітуацый, раённым вузле электрасувязі, аддзеле архітэктуры Нясвіжскага райвыканкама.

Акрамя таго, як стала вядома рэдакцыі, прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць у сваіх гандлёвых кропках недзяржаўную газету “Нясвіжскі час”, на мінулым тыдні ў індывідуальным парадку выклікалі ў аддзел эканомікі райвыканкама і рэкамендавалі адмовіцца ад супрацоўніцтва з газетай.

Таксама з пачатку гэтага года адмовілася рэалізоўваць “Нясвіжскі час” дзяржаўнае гандлёвае прадпрыемства “Несвижский горпищепромторг”. Да гэтага ў пяці кропках арганізацыі прадавалася 300 асобнікаў ці шостая частка накладу выдання.

Нагадаем, з падобнымі праблемамі атрымаць інфармацыю сутыкнуліся на мінулым тыдні журналісты пінскай газеты “Мясцовы час”. Наогул, адмовы супрацоўнічаць з недзяржаўнымі грамадска-палітычнымі газетамі сталі характэрнымі ў стасунках журналістаў гэтых выданняў і служачых дзяржустаноў.

Між тым, Закон аб друку і іншых СМІ Рэспублікі Беларусь ў арт. 48 прадугледжвае адказнасць службовых асоб дзяржаўных органаў і арганізацый за ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі, у прыватнасці “за ўстанаўленне абмежаванняў на кантакты з журналістам і перадачу яму інфармацыі”.

Паводле Закона, парушэнне правоў журналістаў цягне за сабой дысцыплінарную, адміністратыўную, крымінальную і іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства