Марэк Мігальскі ўзяў апякунства над чарговымі беларускімі палітвязнямі (дапоўнена)
Марэк Мігальскі пачаў кампанію "Свабода x 2" - акцыю салідарнасці з двума беларускімі палітвязнямі: кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалаем Статкевічам і лідарам "Маладога Фронту" Зміцерам Дашкевічам. Раней Мігальскі браў шэфства над Зміцерам Бандарэнкам і Сяргеем Каваленкам.
- Трэба спрабаваць. Атрымалася ў выпадку з Сяргеем Бандарэнкам і Змітром Бандарэнкам, падумаў, што трэба паспрабаваць выцягнуць з турмы наступных палітвязняў. Мы жартавалі, што калі атрымалася выцягнуць двух, то чаму не паспрабаваць вызваліць двух адразу.
"Прыйшоў час аказаць дапамогу наступным вязням сумлення, патрабаваць вызвалення і рэабілітацыі тых, у каго ў сапраўдны момант найбольш цяжкае становішча", - гаворыць Марэк Мігальскі.
- Мы заклікаем заходзіць на сайт, каб далучыцца да гэтай акцыі, каб была магчымасць каардынаваць нашу дзейнасць, каб узмацніць ціск на ўлады Беларусі для вызвалення гэтых двух асоб. Будзем спадзявацца, што медыі таксама далучацца да справы вызвалення Статкевіча і Дашкевіча.
На сайце размешчана петыцыя да кіраўнікоў дзяржаў - членаў Еўрасаюза, каб яны "нястомна нагадвалі пра тых беларускіх вязняў сумлення, якіх пераследуюць, прыгнятаюць і з якімі жорстка абыходзяцца ў калоніях". Разам з Мігальскім аўтарамі петыцыі сталі жонка Статкевіча - Марына Адамовіч і нявеста Дашкевіча - Анастасія Палажанка.
* * *
Бюро еўрадэпутата Марка Мігальскага пачынае з сённяшняга дня кампанію «Wolność x 2». Гэта акцыя салідарнасці з двума беларускімі палітвязнямі – былым кандыдатам у прэзідэнты Міколам Статкевічам і лідарам «Маладога фронту» Зміцерам Дашкевічам. У рамках кампаніі стартаваў адмысловы сайт, дзе можна падпісаць петыцыю з патрабаваннем вызвалення палітвязняў з беларускіх турмаў.
У рамках акцыі Марэк Мігальскі ўжо трымаў апеку над двума іншымі беларускімі палітвязнямі – Зміцерам Бандарэнкам і Сяргеем Каваленкам. «Гэтыя палітвязні ўжо на волі. Прыйшоў час, каб дапамагчы чарговым беларускім палітвязням,» - піша ў сваім блогу Марэк Мігальскі. У рамках кампаніі еўрадэпутат накіраваў ужо заявы да кіраўнікоў урадаў краінаў Еўразвяза, каб не спынялі захадаў па вызваленні беларускіх палітвязняў, якія зведваюць пераслед у турмах.