Бабруйчане не адступаюць ад ідэі ўвекавечыць імёны пісьменнікаў - ахвяраў рэпрэсій
У гарвыканкам дасланыя подпісы, якія збіраліся ў Бабруйску з мэтай увекавечання праз назвы вуліц імёнаў беларускага пісьменніка Барыса Мікуліча, які нарадзіўся ў гэтым горадзе, і Сяргея Грахоўскага, які пачынаў свой працоўны шлях на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце.
- Подпісы збіралі прадстаўнікі мясцовай Рады дэмакратычных сіл. Пакуль мы даслалі ў гарвыканкам 176 подпісаў, - адзначыла ініцыятар акцыі, грамадская актывістка Вольга Піманава. – Але цалкам магчыма, што падпісныя аркушы будуць дасылацца яшчэ, калі гэтай колькасці будзе недастаткова.
Вольга расказала, што праваабаронца-вязень Алесь Бяляцкі, які і падаў ідэю са зборам подпісаў, вельмі задаволены, што бабруйчане ўзяліся за справу. “100-годдзе (Барыса Мікуліча) вельмі зручны час, каб прыняць рашэнне”, - напісаў у лісце праваабаронца, выказваючы спадзеў, што гарадскія ўлады падтрымаюць ініцыятыву.
-Таксама Алесь Бяляцкі узгадаў у лісце, што чытаў верш Грахоўскага напамяць у школе, на выпускным іспыце. Адзначыў, што быў знаёмы з бабруйчанкай, стваральніцай музея ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Ганнай Бокач. І ўвогуле, наша ідэя правядзення вечара памяці ахвяраў рэпрэсій яму вельмі спадабалася, - распавяла Вольга Піманава.