viasna on patreon

Стараградскіх беспрацоўных прымушаюць уладкоўвацца на неіснуючыя працоўныя месцы

2012 2012-11-19T16:50:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vioska.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за 20 беспрацоўных з вёскі Стараград Кармянскага раёна Гомельскай вобласці выкліканы ў мясцовы сельсавет для працаўладкавання. У позвах, якія яны атрымалі, пазначана, што ў выпадку адмовы з’явіцца добраахвотна прывад будуць афармляць супрацоўнікі міліцыі.

Пра свой выпадак распавядае жыхар вёскі Стараград Уладзімір Новікаў:

“Мне 40 год. Не так даўно я разам з састарэлай маці пераехаў жыць са Жлобіна ў сваю родную вёску. Як толькі мы пераехалі, старшыня сельсавета Зінаіда Казачок прапанавала добраахвотна з’явіцца ў сельсавет на размову. Я сказаў, што прывяду сваю гаспадарку ў парадак і прыйду. Прайшоў месяц, і я атрымаў вось такую позву па пошце”.

Уладзімір Новікаў кажа, што пагадзіўся на прапанову старшыні сельсавету аб працаўладкаванні.

“Яна прапанавала мне працу ў брыгадзе паляводаў, я пагадзіўся. Прыйшоў да паляводаў, а яны кажуць, што ў іх працы няма. Я зноўку ў сельсавет – прапаноўвае мне працу слесара. Я зноўку да працадаўцы, а там зноўку ўсе месцы занятыя”, - працягвае жыхар вёскі Стараград.

Уладзімір кажа, што не разумее пазіцыі Зінаіды Казачок, бо працоўных месцаў рэальна на тэрыторыі сельсавета не хапае. Шмат працоўных месцаў было скасавана ў 2011 годзе, калі на стараграскай свінаферме закалолі апошняга парсючка і здалі коней на мясакамбінат.

“Людзі для працы ў вёсцы патрэбныя ў асноўным вясной і летам, аднак не зімой. Мне, як і астатнім, незразумела, чаму так сябе паводзіць старшыня сельсавета. Што яна хоча даказаць сваімі дзеяннямі? Калі працоўных месцаў на тэрыторыі сельсавета няма, дык яны ж з паветра не ўзнікнуць. Можа яна проста такім чынам спрабуе змагацца з нейкімі прагнознымі паказчыкамі?” – абураецца Уладзімір Новікаў.

Вясковец адзначае, што ён, як і астатнія беспрацоўныя, не з’яўляецца абавязанай асобай. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства