Яўгену Вапу адмоўлена ў атрыманні беларускай візы
Асобай, непажаданай для беларускіх уладаў, застаецца старшыня Управы
Беларускага Радыё Рацыя, старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа. У
консульстве ў Беластоку яму адмовілі ў магчымасці атрымання доўгатэрміновай
візы. Дакументы на візу складаліся на падставе запрашэння ад Згуртавання беларусаў
свету “Бацькаўшчына”.
Прыгадаем, што ў траўні мінулага года на мяжы Яўгену Вапу анулявалі дзейную
беларускую візу, атрыманую таксама па запрашэнні “Бацькаўшчыны”.
Сітуацыю каментуе старшыня Рады Згуртавання Ніна Шыдлоўская:
- Першая адмова была зроблена спадару Яўгену адносна візы ў мінулым годзе. Тады
таксама, як і зараз, “Бацькаўшчына” рабіла запрашэнне сябру Вялікай рады,
старшыні Саюза беларусаў у Польшчы, сябру Кансультатыўнай рады па справах
беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Яўгену Вапу. І, незважаючы на ўсе
гэтыя агучаныя мною пасады і рэгаліі, была зроблена адмова ва ўездзе ў
Рэспубліку Беларусь і анулявана дзеючая віза. Відавочна, што пасля гэтай
сітуацыі “Бацькаўшчына” імкнулася высветліць прычыны гэтага рашэння, не маючы
асаблівага спадзявання на тое, што будзе шчыра і праўдзіва расказана. Так і
адбылося. Мы атрымалі адказ з Міністэрства замежных справаў па першай адмове,
дзе былі спасылкі на артыкулы закона, і выснова такая, што, маўляў, яны не
абавязаны нам нічога тлумачыць. Пасля гэтага, відавочна, спадар Яўген не вельмі
і хацеў звяртацца ў амбасаду, але мы лічым, што ягоная прысутнасць у Беларусі
вельмі важная – і ў справах “Бацькаўшчыны”, і ўвогуле дзеля рэгулярных, сталых
стасункаў беларусаў Беласточчыны і беларусаў Беларусі. І гэтым разам мы
ўгаварылі спадара Яўгена яшчэ раз прайсці гэтае "кола", а паралельна
напісаць у Міністэрства замежных справаў просьбу-хадайніцтва пра перагляд
рашэння па ануляванні візы, каб з'явілася магчымасць атрымаць новую.
Ніна Шыдлоўская кажа, што адмоўны вынік у атрыманні візы здзіўляе і абурае,
хаця ў пэўным сэнсе і быў прадбачаным:
- Гэты вынік нібыта прадказальны. Але ад гэтага ён не менш здзіўляе і абурае.
Таму што нам падаецца, што павінна нарэшце прыйсці разуменне, што нельга
ігнараваць беларусаў, якія жывуць па-за межамі метраполіі, якія працуюць дзеля
захавання беларускай прысутнасці ў краінах свайго пражывання. Нельга іх дзяліць
на сваіх і чужых па нейкіх палітычных поглядах, па сацыяльным статусе, па
рэлігійных прыкметах, як, на жаль, сёння назіраем з боку дзяржавы.
“Бацькаўшчына” будзе працягваць рабіць спробы патрапіць на прыём да міністра
замежных спраў Беларусі па гэтым пытанні. Тым больш, што ў ліпені наступнага
года рыхтуецца правядзенне з’езду беларусаў свету.
Ніна Шыдлоўская таксама прыгадала, што надалей зацягваецца вырашэнне пытання з
візай і для старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве - Хведара Нюнькі.