Быхаўчанін працягвае змаганне з недобрасумленнымі міліцыянтамі
Жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок працягвае змаганне з супрацоўнікамі міліцыі, якія безадказна ставяцца да выканання сваіх службовых абавязкаў. З траўня гэтага году вясковец дамагаецца ўзбуджэння крымінальнай справы па факце наўмыснага, на яго думку, забруджвання пітной вады ў студні.
Па сутнасці гэтага інцыдэнту Аляксандр Шачанок распавёў наступнае. 23 траўня ён пайшоў па ваду ў студню і, калі дастаў вядро з вадой, то ўбачыў, што ў ім плавае чарвяк. Зазірнуўшы ўглыб 10-мятровай студні, ён заўважыў, што там яшчэ плавае і нейкі пакет. Вясковец дастаў яго і патэлефанаваў у міліцыю. Праз две гадзіны прыехалі два міліцыянты, якія апыталі Шачанка, узялі ў яго заяву з просьбай узбудзіць адміністратыўную справу ў дачыненні да асобы, якая забрудзіла студню, і папрасілі яго прынесці нож, каб ускрыць пакет. Унутры яго аказалася сапсаванае мяса, усё пакрытае чарвямі.
“Адзін з міліцыянтаў сфатаграфаваў гэты кавалак мяса на свой мабільны тэлефон. Пасля гэтага яны забралі кавалак сапсаванага мяса і з’ехалі, - кажа Шачанок. - Міліцыянты не адпрацавалі тую інфармацыю, якую я ім прадаставіў: кавалак з мясам мог укінуць у студню мой сусед спадар Лашкоў, з якім у мяне склаліся несяброўскія ўзаемаадносіны і які мне неаднаразова пагражаў фізічнай расправай. Я бачыў, як ён такім мясам карміў сваіх сабак і што ў яго па двары раскіданыя косткі, якія можна было б узяць на экспертызу і параўнаць з тым мясам, якое было ўкінута ў студню”.
Аляксандр Шачанок працгвае распавядаць, што праз некалькі дзён ягоная жонка пайшла па грыбы і адразу за вёскай знайшла той пакет з мясам, які ён даставаў са студні, выкінуты міліцыянтамі.
“Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правёў аналіз вады ў студні і даў сваё заключэнне, паводле якога вада стала непрыгоднай для ўжывання. Зараз студня закалочана, і нам прыходзіцца браць ваду з суседняй калонкі. Там вада значна горшай якасці. Бактэрыяльны аналіз укінутага ў студню мяса, натуральна, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не праводзіў, бо не было з чаго. У сваім адказе супрацоўнікі цэнтру адзначылі, што “на момант паступлення звароту пакет з мясам быў выняты з крыніцы”, - працягвае вясковец.
Адразу пасля гэтага адказу Алякснадр Шачанок напісаў ліст у міліцыю з просьбай узбудзіць крымінальную справу па факце забруджвання пітной вады, аднак ужо двойчы атрымліваў адмову, бо міліцыянты не могуць знайсці асобу, якая ўкінула сапсаванае мяса ў студню.
“10 лістапада я напісаў чарговую скаргу пракурору Быхаўскага раёна на пастанову намесніка начальніка Быхаўскага РАУСу маёра Смірнова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце забруджвання крыніцы пітнага водазабеспячэння. У скарзе я прашу адмяніць гэтую пастанову, правесці праверку па дадзеным факце і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі, якія не давезлі мяса на экспертызу, да адказнасці”, - кажа Аляксандр Шачанок.
Вясковец таксама адзначае, што ўжо быў на прыёме ў міністра МУС і інфармаваў яго пра абыякавае стаўленне міліцыянтаў да раследвання справы па факце забруджвання студні. Міністр даў загад прызначыць дадатковую праверку ў адпаведнасці з нормамі крымінальна-працэсуальнага кодэксу.