Міліцыі не дае спакою памяць пра паўстанцаў
Міліцыі Гарадзеншчыны не дае спакою памяць пра паўстанцаў 1863 году, якіх традыцыйна ўшанавалі 27 кастрычніка ў Свіслацкім раёне.
Сёння, 22 лістапада, у Ленінскі РАУС Гародні па факце ўшанавання паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы і Якушоўцы выкліканы грамадскі актывіст, былы палітвязень Алесь Кіркевіч. Яго сустрэча з намеснікам начальніка РАУСу Паўлам Лапата павінна адбыцца а 15-й гадзіне. Вельмі верагодна, што на Кіркевіча ўжо таксама складзены пратакол за нібыта адміністратыўнае правапарушэнне.
Нагадаем, што 27 кастрычніка ў Свіслацкім раёне былі затрыманыя чатыры чалавекі – трое з іх былі засуджаныя да адміністратыўных арыштаў, яшчэ адзін – да штрафу. Праз некалькі тыдняў свіслацкая міліцыя склала пратаколы ў дачыненні да трох мясцовых грамадскіх актывістаў – Анатоля Валюка, Віктара Дзесяціка і Юрыя Глебіка – нібыта яны парушылі заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Суд над Валюком адбудзецца 26 лістапада, над Глебікам і Дзесяцікам – 27-га.