Шматпавярховікі замест бярэзьніка. Пратэст у Магілёве
Жыхары магілёўскага мікрараёну «Юбілейны» выступаюць супраць высечкі бярэзьніка і ўзьвядзеньня на яго месцы шматпавярховых дамоў.
28 лістапада каля сотні чалавек а 21 гадзіне сабраліся на стыхійны сход. Людзі выказваліся эмацыйна і заяўлялі, што будуць бараніць гаёк да апошняй магчымасьці і гатовыя блякаваць працу будаўнічай арганізацыі.
Агароджваць пляцоўку пад забудову жылога масіву пачалі тры дні таму. Жыхароў навакольных дамоў, а гэта пераважна «хрушчоўкі», ніхто не паінфармаваў пра будучае будаўніцтва. Невядомай застаецца назва арганізацыі, якая ўзялася ўзводзіць дамы. Ля пляцоўкі няма інфармацыйнага стэнду з пазначэньнем дэталяў будоўлі.
Група жыхароў сёньня была ў гарвыканкаме. Высьветліць ім пра будаўніцтва ўдалося няшмат. Чыноўнікі паведамілі, што беразьняк сьпілоўваецца пад кропкавую забудову. Плянуецца сьпілаваць напачатку 14 бяроз. Замест іх будуць высаджаныя маладыя дрэўцы, але дзе невядома. Людзям забаранілі фатаграфаваць дакумэнты, паводле якіх прымалася рашэньне пра будаўніцтва дамоў і сьпілоўку дрэў. Чыноўнікі давялі, што выяжджаць на месца канфлікту і гутарыць зь людзьмі яны не зьбіраюцца без загаду вышэйшага начальства. Якога — не сказалі.
Людзі непакояцца, што падчас забіваньня паляў пад новыя дамы ня вытрымаюць старыя «хрушчоўкі». Некаторым з іх ужо пад 50 гадоў.
Беразьняк высаджваўся рукамі жыхароў мікрараёну. За тры дзясяткі гадоў барок стаў неад’емнай часткай раённага навакольля. Ні ўводным раёне Магілёва няма такога гайка. Ён улюблёнае месца адпачынку. Тут выгульваюць і забаўляюцца зь дзяцей. У ім разьмешчаныя прылады для заняцьця спорту. За сёньняшні вечар актыўныя жыхары мікрараёну сабралі больш за дзьве сотні подпісаў пад зваротам да гарадзкой улады спыніць будаўніцтва. Заўтра людзі зьбяруцца зноў.