viasna on patreon

Яўген Басарэўскі: “Я гатовы да любога прысуду”

2012 2012-11-29T13:24:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/basareuski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сябра партыі левых “Справядлівы свет” са Жлобіна Яўген Басарэўскі

Сябра партыі левых “Справядлівы свет” са Жлобіна Яўген Басарэўскі

Сябра партыі “Справядлівы свет” Яўген Басарэўскі ўжо больш за два гады знаходзіцца пад следствам. Былога намесніка старшыні гарвыканкама і экс-кіраўніка Жлобінскага цэнтра камунальнай уласнасці абвінавачваюць ва ўзложыванні службовымі паўнамоцтвамі. Следчыя палічылі, што прадпрыемства, якое узначальваў у свой час Басарэўскі (2004 – 2009 гг.), не плаціла падаткі за здачу ў арэнду памяшканняў.

Падчас мясцовых выбараў 2010 году, калі Басарэўскі ўступіў у партыю “Справядлівы свет” і вырашыў пайсці ў дэпутаты, Камітэт дзяржкантролю распачаў крымінальны праслед у дачыненні да апазіцыянера і былога галоўнага бухгалтара цэнтра камунальнай уласнасці. Спачатку – у якасці сведкі, а потым і ў якасці падазраванага. Сёння Яўген Басарэўскі і ягоная былая калега Валянціна Касцюкевіч абвінавачваюцца па 424 артыкуле КК РБ.

Жлобінскі раённы суд раз за разам пераносіць судовыя паседджанні і ніяк не можа вынесці прысуд сябру партыі “Справядлівы свет”. Апошні раз – з-за хваробы абвінавачанага, які выйшаў гэтымі днямі са шпіталю.

Карэспандэнт сустрэўся з Яўгенам Іванавічам, каб спраўдзіцца пра ягонае здароўе і пагутарыць пра гэты зацяжны працэс.

–Дзякуй Богу, выпісалі, – кажа Яўген Басарэўскі. – За апошні год і два месяцы я трапляю ў шпіталь ужо шосты раз. Спачатку павысіўся ціск, потым былі праблемы з тромбам – я нават на адно вока зараз не бачу. Судовы працэс паскорыў гэтыя працэсы, арганізм пачаў здаваць.

–І ўвесь гэты час вы знаходзіцеся пад падпіскай аб нявыездзе?

–Вельмі цяжка ўсведамляць, што ты не можаш выехаць са Жлобіна ўжо столькі часу. Школьныя сябры крыўдзяцца, што я не магу да іх прыехаць.  Адзін з іх, які жыве ў Таліне, знаходзіцца пры смерці, і я нават не маю магчымасці, каб з ім развітацца…

–Як праходзіла следства?

–Следчы з фінансавай міліцыі, які праводзіў са мной допыты, на маё пытанне, чаму той парушае заканадаўства, пастаянна падсоўваючы мне адказы на сваі пытанні ў пратаколе, так і адказаў: “Я лічу, што я паступаю правільна”. Мяне яшчэ здзівіла, што ніякай прававой ацэнкі ў гэтых словах не было. На ўсе мае скаргі ў пракуратуру я атрымліваў толькі адпіскі.

Цікава, што праверкі КДК праводзіліся тады, калі я ўжо не працаваў на гэтай пасадзе. А чалавек, які працаваў у якасці кіраўніка цэнтра пасля мяне, змог пазбегнуць крымінальнай адказнасці. Яму толькі прызначылі невялікі штраф, і ён спакойна сышоў на іншую працу.

–Што вы ўбачылі падчас судовага працэсу? На якім этапе ён знаходзіцца зараз?

–Фактычна справа завершана, трэба выносіць прысуд, прычым апраўдальны – як для мяне, так і для маёй былой калегі. Экспертыза, якая праводзілася Мінюстам амаль год, паказала, што акт, які быў складзены КДК, быў зроблены са шматлікімі парушэннямі. Фактычна экспертыза паказала, што мы як дзяржразліковае прадпрыемства спраўна плацілі ўсе неабходныя працэнты дзяржаве за здачу ўнаём памяшканняў. Пры гэтым усе правекркі падчас майго кіраўніцтва не знаходзілі ў нашай працы нейкіх парушэнняў. Больш за тое, былы кіраўнік райвыканкаму Леанід Апанасюк даў станоўчую характарыстыку прадпрыемству і мне ў прыватнасці, калі ў аблвыканкаме запрасілі такі дакумент.

Чаму суддзя Шаршнёва пастаянна адкладвае гэты працэс, мне не зусім зразумела.

–У вас ёсць нейкія здагадкі на гэты конт?

–На мой погляд, гэта наўпрост звязана з маёй палітычнай актыўнасцю і ўдзелам у мясцовых выбарах. Раённыя ўлады не могуць мне дараваць, што былы намеснік гарвыканкаму стаў апазіцыянерам…  Таму, негледзячы на тое, што ўсе факты сведчаць пра маю невінаватасць, суддзя папросту не ведае, як ёй паступіць у гэтай сітуацыі і які вынесці прысуд. Адсюль – расцягванне судовага працэсу.

–Пракурор запрасіў для вас тры гады пазбаўлення волі у калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці…

–Так, а для маёй былой калегі, маці-адзіночкі, тры гады ў калоніі агульнага рэжыму. Але сёння я гатовы да любога прысуду. Я ведаю, у якой краіне мы жывем, і што людзям каштуе ў гэтай краіне альтэрнатыўна думаць і дзейнічаць…

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства