III Еўрапейскі кангрэс правоў чалавека пройдзе 6 снежня ў Катавіцэ
6 снежня ў Катавіцэ (Польшча) пройдзе III Еўрапейскі кангрэс правоў чалавека. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца офіс еўрадэпутата Марэка Мігальскага і асацыяцыя "Праект Шлёнск".
Як паведамляе сайт кангрэса, сёлета ён будзе прысвечаны працэсам дэмакратызацыі ў краінах постсавецкай прасторы, найперш у Беларусі, Расіі і ва Украіне. У межах форуму адбудуцца тры дыскусійныя панэлі: "Роля новых СМІ ў працэсе дэмакратызацыі Беларусі", "Рух пратэсту як шанс дэмакратызацыі Расіі" і "Украіна — сцэнарыі развіцця падзей пасля выбараў".
Для ўдзелу ў мерапрыемстве спецыяльна запрошаны кіраўнік ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, дырэктар тэлеканала "Белсат" Агнешка Рамашэўска, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, а таксама расійскія палітыкі Барыс Нямцоў і Ілья Яшын, журналістка Ксенія Сабчак, адзін з заснавальнікаў таварыства "Мемарыял" Леў Панамароў.