Брэст: пакрыўджаныя жыхары шматпавярхоўкі накіравалі зварот чыноўнікам краіны
Жыхары дома №32 па вуліцы Набярэжнай у Брэсце, якія змагаюцца супраць незаконнага, на іх погляд, будаўніцтва прыватнай аптэкі ў міжкалоннай прасторы гэтага 12-павярховага дома, знайшлі новы спосаб, каб прыцягнуць увагу да сваё праблемы.
У звароце, які пачынаецца са словаў “Чыноўнікі Рэспублікі Беларусь!”, яго падпісанты ўжо не пералічваюць законы, якія парушаліся падчас прадастаўлення ўчастка пад будаўніцтва аптэкі, а наўпрост звяртаюць увагу на бяспраўнае становішча грамадзян, калі гаворка ідзе пра інтарэсы ўладаў.
Гэты зварот накіраваны ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, якія былі ўпаўнаважаныя спыніць незаконнае будаўніцтва аптэкі, у тым ліку - да прэзідэнта, у Генеральную пракуратуру, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Следчы камітэт і іншыя арганізацыі. Адначасова жыхары дома №32 на Набярэжнай чакаюць разгляду сваёй скаргі ў Вярхоўным судзе, бо суды раённага і абласнога узроўню ў Брэсце прынялі рашэнні не на іх карысць.