У Магілёве актывісты АГП падалі 10 заявак на пікеты 19 снежня
Актывісты Аб’яднанай Грамадзянскай партыі звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай дазволіць ім мерапрыемствы ў розных месцах горада 19 снежня.
Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў адзначае, што большасць пікетаў у выпадку дазволу будзе праведзена на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Ленінскай у самым цэнтры Магілёва.
“Мэта нашых пікетаў нагадаць пра падзеі 19 снежня, якія адбываліся роўна два гады таму, пра разгон мітынга апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў, пра з’яўленне ў краіне палітвязняў. Мы хочам у чарговы раз нагадаць людзям, што ў нас няма сумленных выбараў - ні прэзідэнцкіх, ні парламенцкіх, ні мясцовых. Лозунг пікетаў “Скралі выбары, каб прадаць краіну”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Палітык кажа, што гэтыя мерапрыемствы з’яўляюцца часткай інфармацыйнай кампаніі “За чэсныя выбары без Лукашэнкі”.
“Мы наўмысна не падавалі заяўкі на правядзенне пікетаў у вызначаным гарвыканкамам адзіным месцы ў горадзе – стадыёне “Хімік”. Хай у гэтым месцы праводзяць свае мерапрыемствы БРСМ разам з гарвыканкамам, а мы побач пастаім паглядзім на тое, колькі яны людзей збяруць, пасмяемся з гэтага”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Лідэр магілёўскай арганізацыі АГП адзначае, што ён не мае намеру мірыцца з тым, што ўлады праводзяць свае мерапрыемствы на цэнтральных плошчах горада, а апазіцыю выпіхваюць на самыя ўскрайкі.
“Чыноўнікам ужо не падабаецца тое, што мы падаем заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў у недазволеных месцах. У апошняга нашага, дзесятага, заяўніка ўжо не хацелі браць заяўку на правядзенне пікета, маўляў, перапісвайце – месца, што вы патрабуеце, недазволенае, усё адно не дадзім. Гэта ўжо іх хітрыкі. Паглядзім, якія адказы яны нам дашлюць”, - кажа Ўладзімір Шанцаў.