Салігорскі выканкам ігнаруе правы беларускамоўных грамадзян
Старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі не задаволіў патрабаваньне салігорскай моладзі аб стварэнні беларускамоўнай версіі афіцыйнага сайту выканкаму.
На думку чыноўніка, “рускамоўная версія афіцыйнага інтэрнэт-сайта Солігорскага райвыканкама не пярэчыць патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону “Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь”, згодна якімі “дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы”. З такой пазіцыяй уладаў не згодны адзін з ініцыятараў звароту праваабаронца Аляксей Валабуеў:
- Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай замацавана трэцім артыкулам Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. А другім артыкулам гэтага Закона на Рэспубліку Беларусь, а значыцца і на Салігорскі выканаўчы камітэт, ускладены абавязак па забяспячэнні ўсебаковага развіцця і функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Рэспубліка Беларусь абавязана праяўляць дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні беларускай мовы.
Спасылаецца праваабаронца і на міжнародныя нормы. Па словах Аляксея Валабуева, часткай 1 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, гарантуецца забеспячэнне правоў чалавека без якога б там ні было адрознення ў дачыненні да мовы, у тым ліку і права на атрыманне інфармацыі, гарантаванага артыкулам 19 Пакта. Артыкул 27 Пакта сцвярджае, што чалавеку не можа быць адмоўлена ў праве карыстацца сваёй роднай мовай.
Акрамя гэтага праваабаронца лічыць, што ўлады ў прынцыпе далі адказ не пасутнасці звароту, чым парушылі Закон “Аб зваротах грамадзян”:
- Не ведаю, чаго ў гэтым адказе больш, нахабства ці звычанага глупства. Раблю выснову, што ідэалагічны аддзел, які рыхтаваў тэкст адказу, наўпрост некампетэнтны ў такіх пытаннях і прафесійна не здатны зрабіць гэта юрыдычна граматна. Па-першае, ніякіх прэтэнзіяў адносна наяўнасці рускамоўнай версіі сайту ў звароце не было. Па-другое, патрабаванне тычылася стварэння беларускамоўнай версіі сайта, але ніякага матываванага адказу на гэта мы не пабачылі. Ніводнай прычыны, якая б тлумачыла адсутнасць беларускамоўнай версіі сайта, агучана не было, хоць наяўнасць такой версіі таксама аніяк не пярэчыць патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону “Аб мовах”.
Абскарджваць адказ салігорскіх чыноўнікаў маладзёны не будуць, бо лічуць гэты сродак недастаткова эфектыўным для абароны правоў беларускамоўных грамадзян. У планах мясцовых актывістаў -- правядзенне па гэтай праблеме адмысловага маніторынгу, вынікі якога будуць прадстаўленыя ў адмысловым дакладзе і накіраваныя ў вышэйшыя дзяржаўныя інстанцыі.