Алеся Пушкіна таемна пасадзілі на 12 сутак
Судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік арыштавала мастака Алеся Пушкіна на 12 сутак.
За што пакараны Алесь Пушкін дакладна невядома.
Сакратар судзьдзі адмаўляецца паведамляць прычыну арышту, у канцылярыі
адміністрацыйных справаў суду паведамілі, што ён асуджаны паводле артыкулу
23.34 адміністрацыйнага кодэксу (несанкцыянаваная вулічная акцыя).
Тым часам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў падцьвердзілі, што Алесь
Пушкін адбывае ў іх 12-суткавы адміністрацыйны арышт
ад учорашняга дня.
5 сьнежня каля 13.00 дня Алесь Пушкін пасьпеў паведаміць па тэлефоне,
што ён затрыманы і знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёну Менску.
На гэтым сувязь зь ім абарвалася і ўсялякая далейшая
інфармацыя пра ягоным лёс адсутнічала.
У міліцыі Ленінскага раёну цягам астатняга дня паведамлялі, што такога
затрыманага ў іх не было. Тое ж паведамлялі ў судзе
Ленінскага раёну і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў
на вуліцы Акрэсьціна.
Напярэдадні Алесь Пушкін правёў мастацкі пэрфоманс — з партрэтам
змагара антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага наведаў Вярхоўны суд.
Мастак абскардзіў рашэньне суду Смаргоньскага раёну, паводле якога адбываў 10-суткавы
адміністрацыйны арышт за тое, што ў верасьні гэтага году прайшоў
з партрэтам Расьціслава Лапіцкага па вуліцах Смаргоні.