Міжнародны марафон падтрымкі Алеся Бяляцкага (фота, відэа)
Глабальную акцыю ў падтрымку палітвязня, старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), распачынае праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
Міжнародны марафон па напісанні лістоў Amnesty International пройдзе з 7 па 16 снежня пад лозунгам “Пішам за правы! Даможамся пераменаў!”. Каб прыняць удзел у марафоне, кожны жадаючы можа спампаваць паштоўку для Алеся Бяляцкага (на сайце арганізацыі яна ёсць на пяці мовах – англійскай, іспанскай, рускай, французскай, арабскай), раздрукаваць і даслаць палітвязню.
Відэа, у якім распавядаецца пра беларускага праваабаронцу, зняволенага за сваю дзейнасць, перакладзена на 11 моваў.
Акрамя таго, Amnesty International заклікае ўдзельнікаў марафону падпісацца пад петыцыяй, адрасаванай беларускім уладам, азнаёміўшыся перад гэтым з гісторыяй Алеся Бяляцкага:
"Алесь Бяляцкі - бачны праваабаронца з Беларусі і старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна". Яго арыштавалі 4 жніўня 2011 г., а 24 лістапада 2011 г. Алеся Бяляцкага прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Amnesty International мяркуе, што яго кінулі ў турму, каб перашкодзіць яму абараняць правы чалавека, і лічыць яго вязнем сумлення.
Алеся Бяляцкага пазбавілі волі за тое, што яго асабістыя банкаўскія рахункі ў Літве і Польшчы выкарыстоўваліся для фінансавання праваабарончай дзейнасці яго арганізацыі ў Беларусі. Беларускія ўлады з 2003 г. адмаўляюць Праваабарончаму цэнтру "Вясна" ў рэгістрацыі. У выніку гэтая арганізацыя не мае права адкрыць уласны банкаўскі рахунак у Беларусі, і ёй нічога не застаецца, акрамя як карыстацца банкаўскімі рахункамі ў суседніх краінах для фінансавання сваёй праваабарончай дзейнасці.
Суд над Алесем Бяляцкім не быў справядлівым. Шэраг прадстаўленых доказаў не праходзілі праверку на сапраўднасць, а некаторыя паказанні даваліся ананімна. Пытанні, зададзеныя сведкам, у пэўных выпадках мелі дачыненне не да прад’яўленых абвінавачванняў, а да праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага і саміх сведак.
Выкажыце салідарнасць з Алесем Бяляцкім, напісаўшы ўладам Беларусі ліст у яго падтрымку!"
Міжнародны марафон па напісанні лістоў - штогадовая праваабарончая акцыя Amnesty International, якая праходзіць па ўсім свеце ў снежні. Марафон прымеркаваны да Дня правоў чалавека 10 снежня - менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Кожны год у гэты час сотні тысяч людзей з розных краінаў выступаюць у абарону тых, чые правы сур'ёзна парушаюцца ўладамі.
Сёлетнім марафонам Amnesty International прыцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці да лёсаў чатырох асобаў – беларускага праваабаронцы-вязня Алеся Бяляцкага, Хусэйна Салема Махамеда Альмерфедзі, які з 2003 года ўтрымліваецца на ваенна-марской базе ЗША ў Гуантанама-Бей, Чыоу Хо-Шунь, які з 1989 года знаходзіцца ў тайваньскай камеры смяротнікаў, іранскай праваабаронцы Наргез Махамадзі, асуджанай да 6 гадоў пазбаўлення волі, а таксама суданскай моладзевай арганізацыі “Гірыфна” ("З нас хопіць!"), сябры якой пераследуюцца з 2009 года. Пра іх гісторыі можна даведацца на сайце арганізацыі.