viasna on patreon

Васіль Парфянкоў не разлічвае на ўмоўна-датэрміновае вызваленне

2012 2012-12-07T13:56:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/parfiankou_245.jpg
Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Пра гэта ён паведамляе ў лісце сваёй знаёмай Вользе Гулецкай.

Парфянкоў адбывае пакаранне ў следчым ізалятары №6 у Баранавічах. Ён асуджаны за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду, які быў усталяваны за ім пасля вызвалення з калоніі, дзе ён адбываў папярэдняе пакаранне за ўдзел у Плошчы 2010 году.

Прафянкоў піша ў лісце да Вольгі Гулецкай, што з ім усё добра, і ён нават кінуў паліць, але шмат нязручнасцей стварае няспыннае перамяшчэнне з камеры ў камеру.

- Ён піша: “Не ведаю з чым звязана маё качаванне з камеры ў камеру. Але спадзяюся, што гэта апошні мой прыпынак у гэтай турме. Хоць апошнія падзеі паказваюць, што тут можа быць што заўгодна. Даходзіць да таго, што самі “менты” не ведаюць, дзе хто сядзіць. І каб разнесці лісты, бегаюць і шукаюць чалавека па ўсім корпусе. Хоць мне і падыходзіць тэрмін 9-га снежня, але я на яго не разлічваю. Я ведаю, што мяне раней тэрміну не вызваляць. Але я да гэтага гатовы. Адзінае, пра што я шкадую, пра бескарысна выдаткаваны час.”

У сваім лісце Васіль Парфянкоў закранае тэму мемарыялу Курпаты, абаронцам якога ад разбурэння ён быў у 2001-2002 гадах. "Прачытаў у "Народнай Волі", што ў Курпатах прыпынілі будаўніцтва "Бульбаш-холу". Спадзяюся, што ў іх прачнулася сумленне і тое, што ўжо пабудавана, будзе перададзена пад музей ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Хоць гэта малаверагодна," - піша Васіль Парфянкоў.

Таксама ён выказвае салідарнасць з іншымі палітзняволенымі. Асабліва Парфянкоў занепакоены лёсам Змітра Дашкевіча, які апынуўся пад моцным ціскам. "Але я ў ім упэўнены. Такога, як ён, зламаць ім будзе цяжка. Больш бы было такіх! Спадзяюся, што ён там, у турме, не падарве здароў'я. Наперадзе яшчэ шмат барацьбы, і такія, як ён, вельмі патрэбныя!" -гаворыцца ў лісце палітвязня. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства