Мерапрыемствы ў Дзень правоў чалавека
У панядзелак, 10 сьнежня, адзначаецца Міжнародны Дзень правоў чалавека. Гэтая знакамітая дата паўстала ад часу прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, абвешчанай Генеральнай Асамблеяй Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый 10 сьнежня 1948 года ў Парыжы.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртаецца да прадстаўнікоў праваабарончай і дэмакратычнай супольнасьці Беларусі з заклікам адзначыць Міжнародны дзень правоў чалавека пад знакам салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі, а таксама акцыямі, якія будуць інфармаваць беларускую грамадскасьць аб рэальным становішчы з правамі чалавека ў краіне.
У панядзелак, 10 сьнежня, адбудзецца:
-- традыцыйнае ўручэньне прэмій за выключныя дасягненьні ў галіне абароны правоў чалавека па трох намінацыях: “Праваабаронца года 2012”, “Адвакат года 2012” і “Журналіст года 2012”. Пераможцы, якіх вызначыла супольная рада прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый Беларусі, будуць абвешчаныя ў 15-00 на офісе “Салідарнасьці” .
-- круглы стол "Правы чалавека ў Беларусі. Вынікі 2012 года ", з удзелам беларускіх НДА і прадстаўнікоў Penal Reform International. Удзельнікі круглага стала: праваабарончыя НДА – ПЦ «Вясна», «Платформа», Асацыяцыя «Прававая ініцыятыва», «Цэнтр прававой трансфармацыі», БХК, БАЖ, "Салідарнасць". Пачатак аб 11-00. Сустрэча плануеццца па адрасе: вул. Новавіленская, д. 38, офіс 16.
-- адкрыцьцё мастацкай выставы, прысьвечанай чарговай гадавіне прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, адбудзецца а 18-00 у памяшканьні офіса Партыі БНФ на Чарнышэўскага, 3. Мастачка Вольга Бабурына аформіла 30 артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека… выцінанкай.
Таксама будуць падведзеныя вынікі абвешчанага ПЦ “Вясна” конкурсу hand-made вырабаў на праваабарончую тэматыку. Галоўны прыз – графічны планшэт. Удельнікаў конкурсу таксама чакаюць такія прызы, як флэшкі, навушнікі і г.д.! Пачатак у 18-00. Офіс Партыі БНФ на вул. Чарнышэўскага, 3
Шчыра запрашаем!