Гарадзенскі суд не аднавіў на працы звольненага выкладчыка Андрэя Чарнякевіча
7 снежня ў Гародні ў судзе Ленінскага раёну завяршыўся працэс па грамадзянскай справе гісторыка Андрэя Чарнякевіча. У кастрычніку бягучага году дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Андрэй Чарнякевіч быў звольнены з працы выкладчыка нібыта за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Сваё права на працу гісторык паспрабаваў давесці праз суд. Ён патрабаваў аднаўлення яго на пасадзе. Разгляд справы, які вяла суддзя Людміла Жукоўская, расцягнуўся ажно на 5 паседжанняў.
7 снежня на працэсе з заключным словам выступілі Андрэй Чарнякевіч і яго адвакат, а таксама бок адказчыка, пасля чаго быў абвешчаны перапынак. Затым было зачытана рашэнне – суддзя прагназавана прызнала загад універсітэту пра звальненне законным.
Агульную сітуацыю і вынік судовага працэсу каментуе Андрэй Чарнякевіч: “Сутнасць справы палягала ў тым, каб давесці неадпаведнасць нязначных парушэнняў меры пакарання. Складанасць была ў тым, што ў сваім судовым звароце мы былі абмежаваны толькі фармальным бокам справы. Сапраўдная ж сутнасць майго звальнення, звязаная з выхадам падручніка “Гродназнаўства” і удзелам у гістарычнай перадачы “Імёны Гародні” на Беларускім Радыё Рацыя, фактычна была пад забаронай і не разглядалася. Усе спробы звярнуць увагу суда на сувязь паміж “забароненай” кнігай і звальненнем сталіся марнымі. Рашэнне суду было прадказальным, аднак заставалася нейкае спадзяванне на адэкватны разгляд сітуацыі, які б дазволіў аднавіць справядлівасць”.