Зьміцер Дашкевіч пачаў падпісваць калядныя паштоўкі
Паводле Насты Палажанкі, нявесты Зьмітра Дашкевіча,
ён па-ранейшаму знаходзіцца ў адзіночцы. «Пачаў часьцей выходзіць
на прагулкі. Спадзяюся, ужо пабачыў першы сьнег. Але самае галоўнае —
пачаў падрыхтоўку да Калядаў», — распавяла Свабодзе Наста Палажанка, якая днямі атрымала ад палітвязьня чарговы ліст.
«Ён пачаў па трошачку пісаць віншаваньні людзям. У яго нямала тых, хто
яму піша. Гэта некалькі сотняў чалавек. Ведаю, што ў мінулым годзе
ён напісаў болей за 200 паштовак у адказ з віншаваньнямі. У гэтым годзе
таксама плянуе пісаць. Адрасатаў ўсё болей і болей. Адразу адзначу, што
да ўсіх дабрацца ў яго можа і не атрымацца, але ведаю дакладна, што
ён цэніць любое віншаваньне. У гэтыя дні ён з камэры імкнецца падзяліцца
з іншымі сваёй радасьцю, якой ўнутры яго дастаткова, нягледзячы
на жорсткія ўмовы ўтрыманьня».
У жніўні лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіч асудзілі яшчэ на год
зьняволеньня за непадпарадкаваньне, а месяц таму адправілі ў крытую
гарадзенскую турму як злоснага парушальніка рэжыму.