Андрэй Бастунец: Работа над праектам Закона аб друку перайшла ў закрыты рэжым
Тэму неабходнасці стварэння новай рэдакцыі “Закона аб друку”, а таксама ўнясенне ў яго норм, рэгулюючых дзейнасць інтэрнэт-выданняў, ўздымаюць апошнім часам у СМІ беларускія чыноўнікі.
Аб планах унесці ў Закон змяненні, якія будуць рэгуляваць работу журналістаў у Інтэрнэце, заявіў міністр Уладзімір Русакевіч. А на думку Юрыя Кулакоўскага, старшыні парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ, саспела неабходнасць у новым нарматыўным акце.
Намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст Андрэй Бастунец пракаментаваў прэс-службе арганізацыі гэтыя паведамленні і выказаў свой пункт погляду.
“З выказванняў афіцыйных асоб вынікае, што Інтэрнэт выпаў са сферы прававога рэгулявання. На самай справе гэта не так. Нормы беларускага заканадаўства – крымінальнага, грамадзянскага, адміністратыўнага, – распаўсюджваюцца і на тых, хто працуе ў Сусветнай сетцы”, – зазначыць Андрэй Бастунец.
Прыняцце ж “спецыялізаванага” акту альбо ўключэнне ў закон аб СМІ артыкулаў, датычных Інтэрнэта, гэта спроба вырашыць глабальную праблему на мясцовым ўзроўні, што наўрад ці магчыма. За размовамі аб рэгуляванні Інтэрнэта адчуваецца жаданне ўзяць Сеціва пад кантроль, – лічыць А.Бастунец: “Прычым людзі, апантаныя гэтай ідэяй, часам слаба разумеюць, што менавіта яны збіраюцца “ўпарадкаваць”.
Намеснік старшыні БАЖ згодны з тым, што існуючы Закон аб друку састарэў, некаторыя нормы закона супярэчаць Грамадзянскаму кодэксу,а іншыя сфармуляваны невыразна і дазваляюць розныя тлумачэнні.
Але, як адзначае Андрэй Бастунец, калі спачатку стварэнне праекта новага закона аб друку вялося сапраўды галосна: рабочы варыянт рэдакцыі быў даступны для абмеркавання грамадскасці, а Мінінфармацыі нават разаслала зацікаўленым арганізацыям (у тым ліку і БАЖ) прапанову выказваць свае заўвагі і прапановы. То зараз законапраект распрацоўваецца амаль патаемна:
– Работа над новай рэдакцыяй закона аб СМІ вядзецца з 2001 года. У 2002 годзе былы міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны ў сценах Савета Еўропы паабяцаў прадставіць законапраект на экспертызу еўрапейскім структурам. Аднак пасля гэтага работа перайшла ў закрыты рэжым. На ўсе звароты БАЖ з просьбай прадаставіць законапраект гучаў адзін адказ: пасля таго, як ён будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў.
– Лішне казаць, што пасля гэтага магчымасці паўплываць на змест закона будуць мінімальнымі, – падкрэслівае А. Бастунец.
Затрымка з прыняццем новай рэдакцыі закона аб СМІ, на думку Андрэя Бастунца, звязана з дзвюма абставінамі: “З аднаго боку, да законапраекта ўдалося прыцягнуць увагу міжнародных структур. Той жа Савет Еўропы ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі і пастаянна нагадвае афіцыйнаму Мінску пра абяцанне прадаставіць канцэпцыю закона на міжнародную экспертызу. З іншага боку, беларускія ўлады навучыліся выкарыстоўваць супярэчнасці і архаічныя нормы дзеючага Закона аб друку па свайму меркаванню, – адзначае намеснік старшыні БАЖ. – Не выпадкова ў апошні час з’явіліся прапановы не прымаць новую рэдакцыю закона, а “ўдасканаліць” дзеючы”.