У калонii «Вiцьба-3» зьявiўся праспект Казулiна
Так зняволеныя назвалi дарожку, па якой звычайна ходзiць экс-кандыдат у прэзiдэнты. Мiнчанiн Мiкалай Камароўскi на пачатку мiнулага года апынуўся за кратамi.
Сямейныя скандалы з жонкай аднойчы скончылiся для яго судовай справай. Праўда, з прысудам ён не пагадзiўся, але тым не менш летам 2006 года апынуўся ў калонii “Вiцьба-3″, дзе правёў паўгода — палову свайго турэмнага тэрмiна. З высокапастаўленым зняволеным калонii — так Камароўскi называе Аляксандра Казулiна, яны былi ў розных атрадах, але сустракалiся нярэдка. 20 снежня Мiкалай Камароўскi выйшаў на свабоду. А на мiнулым тыднi зайшоў у рэдакцыю “Народнай волі”.
— “Народную волю” Аляксандр Уладзiслававiч даваў чытаць, — пачаў ён свой расказ. — Газету яму дасылаюць рэгулярна… Казулiн з’явiўся ў калонii ў лiпенi 2006-га. Сярод зняволеных пайшла погаласка: “Прафесара прывезлi”. Я чалавек не апалiтычны, таму ведаў, хто такi Казулiн. Бачыў Казулiна, як кажуць, ужывую яшчэ на свабодзе. Тады ён быў рэктарам БДУ, высокi, мажны. А ў турму прывезлi ўжо схуднелага прафесара. Здавалася, ён яшчэ больш падрос. Калi прыйшла восень i зэкаў пачалi апранаць у сталiнскiя ватоўкi, высветлiлася, што на рост Казулiна адзенне нельга падабраць. Зэкi шылi яму спецыяльную ватоўку, атрымалася як палiто, нiжэй за каленi.
— З Казулiным Вы часта сустракалiся?
— У каранцiне Казулiн знаходзiўся з хлопцамi, якiя потым апынулiся ў маiм атрадзе. Вось яны часта да яго хадзiлi. Я меней, але ўсё роўна пры кожнай магчымасцi распытваў Уладзiслававiча пра яго здароўе, планы. Ад сталоўкi да жылога корпуса першага атрада, дзе ўтрымлiваецца Казулiн, ёсць дарожка. Ён па ёй часта шпацыруе. Зняволеныя назвалi яе мiж сабой праспектам Казулiна. У нядзелю Уладзiслававiча заўсёды можна было сустрэць на ягоным праспекце. У iншыя днi таксама: ён браў у сталоўцы хлеб i крышыў яго ў кармушку для птушак, якую павесiлi на лiпу, што расце на праспекце. Але, напрыклад, мне было няпроста трапiць на гэтую дарожку. Жылы будынак нашага атрада месцiўся ў iншым баку, i, каб выйсцi, трэба было мець спецыяльны дазвол.
— Атрымлiваецца, што ў Казулiна ёсць нейкiя прывiлеi?
— Канешне. Ён жа экс-кандыдат у прэзiдэнты. Да Казулiна, калi ён выходзiў з галадоўкi, прыязджаў нават начальнiк Дэпартамента па выкананнi пакаранняў Коўчур. Яны размаўлялi гадзiну. Я таксама хацеў запiсацца на прыём да Коўчура. Не дазволiлi. Хаця па выканаўчым кодэксе начальнiк, калi бывае ў калонii з праверкай, павiнен сустракацца з асуджанымi па асабiстых пытаннях.
— Дарэчы, а як зняволеныя ставяцца да Аляксандра Казулiна? Нiякiх правакацый у дачыненнi да яго не здзяйсняюць?
— Я не магу, канешне, параўнаць — за кратамi апынуўся ўпершыню, але мне здаецца, што калонiя “Вiцьба-3″ адрознiваецца ад iншых устаноў такога кшталту. У ”Вiцьбу” трапляюць тыя, хто ўпершыню аказаўся за кратамi, першы раз у жыццi быў асуджаны. Хаця сярод зняволеных ёсць i забойцы. Напрыклад, у маiм былым атрадзе адбывае пакаранне пенсiянер, якi адсек галаву сваёй жонцы… Дык вось зняволеныя ў асноўным паводзяць сябе карэктна, цiха, дысцыплiнавана, амаль усе мараць аб умоўна-датэрмiновым вызваленнi. Мяркую, што з гэтай прычыны шмат хто баяўся мець хоць нейкiя зносiны з Казулiным — пазбягалi з iм размаўляць, сустракацца. Не выключаю і нейкіх правакацый. Але тое, што ён карыстаецца аўтарытэтам амаль ва ўсіх зняволеных, безумоўна. З прыходам Казулiна ў калонiю палепшыўся быт асуджаных, парадку больш стала, харчаванне палепшылася.
— Маглi б падрабязней расказаць пра ўмовы ўтрымання ў калонii, унутраны распарадак? Цяжка было прызвычаiцца?
— Што ўразiла: палова зняволеных не працуе, хаця афiцыйна аформленыя. Я — пенсiянер, калi б i прымушалi, то не працаваў бы. А вось iншыя… Атрымлiваецца, што зарплату працуючых раскiдваюць на ўсiх, таму што занятасць павiнна быць стопрацэнтнай. Кормяць больш-менш, але пякуць такi дрэнны хлеб, што не кожны арганiзм можа яго пераварыць. Гэты хлеб разрывае ўсе кiшкi. Пякуць яго быццам бы з жытняй мукi. Але калi б гэты хлеб можна было аддаць на праверку ў якую-небудзь лабараторыю, каб яны даследавалi, якiя рэчывы ў iм утрымлiваюцца, то, мяркую, медыкi сказалi б, што яго нельга нават сабакам даваць. Вады хапае. Лазня раз у тыдзень. Можна грэць ваду i перад умывальнiкам абмывацца штодня. На тэрыторыi калонii ёсць прадуктовая крама. Сала можна купiць за 8 тысяч за кiлаграм, прадаюцца каўбаса, шакалад, пячэнне. Але трэба мець грошы на сваiм рахунку. Дарэчы, Казулiну дазволiлi мець на рахунку 300 тысяч рублёў у месяц. Нiкому з асуджаных столькi грошай не прысылаюць.
— А з дысцыплiнай як?
— Нармальна. Адмiнiстрацыя не жорсткая, ды i зняволеныя на нiякiя канфлiкты не iдуць, чакаюць датэрмiновага вызвалення. Я адзiны з 700 чалавек, хто выходзiў на волю па заканчэннi тэрмiна. Па суду я атрымаў год калонii i год адседзеў: амаль 7 месяцаў у СIЗА, астатнiя — у “Вiцьбе-3″. А ўсе асуджаныя спадзяюцца на амнiстыю. Але вось Казулiн на гэтую тэму са мною не размаўляў. Можа, яго таксама раней выпусцяць, нi за што ж сядзiць чалавек…
— Нiякiх слоў на свабоду Казулiн праз Вас не перадаваў?
— Я перад вызваленнем заходзiў да яго. Выглядаў ён, дарэчы, дрэнна, ацёкi моцныя на нагах, на твары. Апошнiм часам Казулiн больш ляжаў, у яго быў пасцельны рэжым. Запытаў у яго: можа, што перадаць родным? Але Уладзiслававiч падзякаваў за ўвагу, сказаў, што хутка ў яго спатканне з жонкай. Называе яе, дарэчы, выключна Iрышкай…