У Дзень правоў чалавека шведскія праваабаронцы думаюць пра Беларусь
Сябры шведскай праваабарончай арганізацыі Оstgruppen робяць свой унёсак у развіццё дэмакратыі ў Беларусі. Як адзначыла дырэктар арганізацыі Сафія Угла, адным з асноўных накірункаў іх працы з’яўляецца распаўсюд у шведскім грамадстве інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
- Мы распаўсюджваем інфармацыю пастаянна. Ёсць інфармацыйны сайт у інтэрнэце на шведскай мове, дзе пішам, у першую чаргу, пра палітзняволеных і наогул пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Таксама арганізуем семінары, канферэнцыі, выпускаем даклады. Кожны год арганізуем Дні Беларусі, праводзім розныя акцыі. Калі ў Стакгольме была беларуская амбасада, то ля яе, а зараз проста на вуліцах у цэнтры горада.
- Гэта цікавіць шведаў?
- Так, але не кожнага. Узросту цікавасці асабліва паспрыяла летняя акцыя з дэсантам плюшавых мішак. Простыя шведы больш даведаліся пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
- Як аднесліся шведы да плюшавага дэсанта?
- Па-рознаму. Некаторыя ўспрынялі на “ўра”, другія палічылі гэтую акцыю прычынай разрыву адносін з Беларуссю і высылкі нашага амбасадара Стэфана Эрыксана. Іншыя выказалі думку, што арганізатары плюшавага дэсанта не думалі пра падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, а думалі толькі пра піяр свайго агенцтва. Але я асабіста думаю, калі гэтая акцыя паспрыяла пашырэнню інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі – то гэта добрая акцыя, паспяховая.
- Як прайшла ваша акцыя па зборы мішак для перадачы іх неўязным у Еўразвяз беларускім чыноўнікам?
- Мы збіраліся ў цэнтры Стакгольма і давалі мішак з адрасамі тым, хто хацеў даслаць бандэролі ў Беларусь. Мы гэта рабілі, каб вы ведалі, што мы вас падтрымліваем.
- Колькі мішак накіравалі беларускім чыноўнікам?
- Прыкладна 170. Столькі адрасоў знайшлі.
- Ці паўздзейнічае на іх ваша акцыя, як думаеце?
- Хацелася б. Але не верыцца. Думаю, што многія з іх нават адмовяцца атрымаць бандэролі. Але гэта быў адзін са спосабаў інфармавання пра сітуацыю ў Беларусі.
- Якія вашыя далейшыя планы адносна Беларусі?
- Вясной у чарговы раз арганізуем Дні Беларусі, куды запрашаем розных беларускіх праваабаронцаў, пастаянна будзем распаўсюджваць інфармацыю праз радыё, газеты і тэлебачанне, арганізуем сустрэчы са шведскімі палітыкамі і чыноўнікамі, каб яны яшчэ больш сталі цікавіцца сітуацыяй у Беларусі. Зараз мы сумесна з іншымі арганізацыямі рыхтуем кампанію супраць правядзення ў Беларусі Чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе.