Са «Шкловалакна» звальняюць незалежных прафсаюзьнікаў
Паводле калектыўнай дамовы наймальнік мусіць запытаць дазволу на звальненьне ў прафсаюзнай структуры. Свабодны прафсаюз не дае звольніць сваіх лідэраў.
5 сьнежня кіраўніцтва
прадпрыемства даслала ў суполку Свабоднага прафсаюзу афіцыйны ліст наконт
звальненьня апэратара цэху № 7 Віктара Стукава
і памочніка майстра таго ж цэху Мікалая Шараха. Віктар
Стукаў — кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу
на «Шкловалакне» у Полацку, Мікалай Шарах — ягоны
намесьнік.
13 сьнежня адбыўся прафсаюзны сход з удзелам намесьніка дырэктара
па кадравай і ідэалягічнай працы Людмілы Проп і начальніка
аддзелу кадраў Юрыя Краўчанкі. Яны
прадстаўлялі пазыцыю кіраўніцтва «Шкловалакна»: даводзілі, што прафсаюзных
актывістаў трэба звольніць за шматлікія парушэньні.
«Першыя прэтэнзіі да мяне пачаліся яшчэ 31 кастрычніка, пасьля майго
інтэрвію тэлеканалу «Белсат» пра тое, што людзі выходзяць з праўладнага
прафсаюзу, які не бароніць іхныя правы. Упершыню за шмат гадоў
у мяне знайшлі брак і аштрафавалі — недаплацілі частку грошай.
А потым пайшло адно за адным: працаваў без акуляраў — значыць,
парушыў прафэсійныя абавязкі, потым яшчэ брак у працы, яшчэ і яшчэ...
Такім чынам штучна назьбіралі маіх правінаў, каб звольніць
за «сыстэматычнае парушэньне прафэсійных абавязкаў бяз важкіх
прычынаў», — апавёў Віктар Стукаў.
У Мікалая
Шараха прычына іншая: яго хочуць звольніць нібыта
за прагулы.
«Я мусіў паехаць на сэмінар. Паводле калектыўнай
дамовы на такія мерапрыемствы адміністрацыя мусіць адпускаць работнікаў
і нават плаціць сярэдні заробак. Я падаў усе дакумэнты належным чынам
ды паехаў. Але, аказваецца, мяне не адпускалі. Гэта парушэньне
з боку адміністрацыі, але вінаватым зрабілі мяне», — кажа Мікола
Шарах.
Паводле актывістаў, калі прафсаюзная арганізацыя не дае згоды
на звальненьне работніка, адміністрацыя прадпрыемства мусіць з гэтым
пагадзіцца. Але Мікалай Шарах і Віктар Стукаў
не выключаюць, што гэтае палажэньне могуць парушыць, бо і само
звальненьне было ініцыявана штучным чынам.
Сапраўдныя падставы для незадавальненьня адміністрацыі, якая захацела
пазбавіцца ад двух сваіх работнікаў, актывісты Свабоднага прафсаюзу бачаць
у тым, што іхная дзейнасьць атрымлівае ўсё шырэйшы розгалас
у інтэрнэце і незалежных СМІ. І прыклад з актывістаў
«Шкловалакна» пачалі браць работнікі іншых полацкіх прадпрыемстваў. Так, пасьля
стыхійнага страйку на полацкім вінзаводзе незадаволеныя нізкімі заробкамі
работнікі таксама вырашылі стварыць суполку Свабоднага прафсаюзу,
і «шэфства» над імі ўзялі менавіта спадары Стукаў і Шарах.