Менскі гарвыканкам адмовіў маладым дэмакратам у правядзеньні традыцыйнай акцыі у Дзень сьвятога Валянціна
Прычынай адмовы паслужыла тое, што заяўнікі акцыі не ўказалі ў заяўцы месца сваёй працы. «Гэты фармальны момант стаў прычынай поўнай адмовы ў правядзеньні акцыі. Нас нават ня выправілі на плошчу Бангалор», – пракаментавала актывістка Анастасія Палажанка. Яна таксама паведаміла, што заяўнікаў акцыі выклікалі на размову ў міліцыю. Запрашэньне было зроблена па тэлефоне, але яны адмовіліся туды ісьці бяз позвы.
Пры гэтым моладзевыя актывісты заяўляюць, што акцыя адбудзецца «ў любым выпадку». Са словаў аднаго з лідэраў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зьмітра Хведарука, ніякія арышты не перашкодзяць правесьці акцыю. «Акцыя пад дэвізам «Беларусь – у Еўропу!» цяпер супадае з рыторыкай кіраўніка беларускай дзяржавы наконт нармалізацыі адносінаў з Еўразьвязам. І калі акцыя будзе разагнаная, на гэтай рыторыцы можна папросту паставіць крыж», – лічыць Зьміцер Хведарук.