Чакаецца рашэнне па справе Міколы Уласевіча
Сёння ў Астравецкім раённым судзе а 17-й гадзіне пачынаецца заключнае паседжанне суду па адміністрацыйнай справе грамадска-палітычнага актывіста Мікалая Уласевіча, якога вінавацяць нібыта ў непадпарадкаванні службовым асобам (артыкул 23.4 КаАП). Яе разгляд, аб’яднаны з скаргай самога Уласевіча на дзеянні прадстаўнікоў астравецкай міліцыі, працягваецца ўжо досыць доўга. Апошняе, ужо сёмае па ліку паседжанне, прайшло 13 снежня і доўжылася з 14-й гадзіны дня ажно да 22-й гадзіны вечару (!). Суддзя імкнуўся скончыць працэс ужо ў той дзень, але прафесійныя дзеянні адваката адклалі адміністрацыйны арышт. Менавіта такое пакаранне, па меркаванні самога Уласевіча, рыхтуе яму раённы суд. Пра гэта сведчыць і прысутнасць у будынку міліцыянтаў з аўтаматамі.
Нагадаем, што ў апошняй выбарчай кампаніі ў “палатку” Уласевіч быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. У час агітацыйнай кампаніі ён узняў пытанні карупцыі, службовага злоўжывання ў раёне, а таксама тэму будавання атамнай станцыі пад Варнянамі. Менавіта за гэта – перакананы Уласевіч – яго і пераследуюць зараз.