viasna on patreon

З уступленнем у сілу новага Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (КаАП) рашэнні судоў па адміністратыўных справах можна будзе абскардзіць у касацыйным парадку

2007 2007-02-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суду (ВС) Беларусі Валянцін Сукала 12 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску. “Калі раней адміністрацыйныя пастановы па адміністрацыйных справах уступалі ў сілу адразу і не падлягалі касацыйнаму абскарджанню, то па новым адміністрацыйным працэсе магчыма касацыйнае абскарджанне. Гэта значыць, яны не ўступаюць адразу ў законную сілу, а могуць быць абскарджаныя ў касацыйным парадку ў вышэйшыя інстанцыі”, – паведаміў В.Сукала.

Па яго словах, новы КаАП і новы Працэсуальна-выканаўчы кодэкс уступяць у сілу 1 сакавіка гэтага года. “Гэтыя два кодэкса складаюць новы блок адміністрацыйнага заканадаўства. Згодна з гэтымі кодэксамі істотна пашыраецца кампетэнцыя судоў у адміністрацыйным правасуддзі”, – адзначыў старшыня ВС.

Так, паводле яго інфармацыі, дадатковая колькасць спраў, якая паступіць пасля 1 сакавіка ў суды агульнай юрысдыкцыі, можа скласці да 80–100 тысяч. “У дадатак да тых 266 тысяч адміністрацыйных спраў, якія былі разгледжаныя летась, сёлета можа дадацца яшчэ 100 тысяч. Разглядаць такую колькасць спраў нам будзе няпроста. Плюс яшчэ справы, звязаныя з кіраваннем транспартам у нецвярозым стане, якія раней часткова разглядаліся органамі ўнутраных спраў, а з 1 сакавіка будуць разглядацца судамі”, – сказаў В.Сукала.

Такім чынам, адзначыў старшыня ВС, працэс адміністрацыйнага правасуддзя трохі ўскладняецца, але, “з іншага боку, гэта стварае пэўныя гарантыі прыняцця па адміністрацыйных справах толькі абгрунтаваных і справядлівых рашэнняў”. “Гэта вельмі сур’ёзная і складаная задача ў засваенні новага адміністрацыйнага заканадаўства”, – адзначыў В.Сукала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства