Два гады пасля Плошчы: палітвязні па-ранейшаму за кратамі, улады парушаюць правы чалавека
Праваабаронцы канстатуюць сітуацыю з правамі чалавека ў 2012 годзе “стабільна кепскую”, як зрэшты і ў 2011. Тэндэнцыя прыціскання грамадзянска-палітычных правоў, адміністратыўны і крымінальны пераслед у адносінах да апанентаў рэжыма працягваецца.
19 снежня 2010 года – дзень выбараў прэзідэнта – дата, якая стала кропкай незвароту, калі масавыя затрыманні, катаванні ў турмах і бяспраўе з боку сілавікоў стала ўвайшлі ў жыццё беларусаў.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў і масавых затрыманняў на плошчы Незалежнасці праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай адносна парушэння правоў чалавека як падчас затрымання людзей, так і пасля – у судах і следчых ізалятарах ды турмах. Прапаноўваем вашай увазе асноўныя тэзісы.
19 снежня ў 20 гадзінаў не менш за 30 тысяч удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ў бок плошчы Незалежнасці да Дому Ураду. Кандыдаты ў прэзідэнты правялі мітынг. Невядомымі асобамі, дзеянні якіх былі асуджаны кандыдатамі, была ўчынена спроба выламаць дзверы ў будынку Дому Ураду, разбітае шкло. Гэта дазволіла спецназаўцам у шлемах са шчытамі і дубінкамі выкарыстаць празмерную сілу і жорсткасць дзеля разгону мірных дэманстрантаў. Удзельнікаў акцыі збівалі, наносячы ўдары па галаве і твары. Шмат удзельнікаў акцыі шпіталізавана, больш за 600 чалавек затрымана і пазней асуджана да адміністрацыйнага арышту альбо штрафу па арт. 23.34 КаАП - парушэнне правілаў парадку і аргаізацыі масавага мерапрыемства.
У ліку затрыманых аказаліся кандыдаты ў прэзідэнты А. Санікаў, Р. Кастусёў, В. Рымашэўскі, М. Статкевіч, іх давераныя асобы, палітыкі, журналісты, вядомыя грамадскія дзеячы, а таксама старшыня БХК, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак.
Дзеянні органаў міліцыі пры разгоне дэманстрацыі мелі відавочна непрапарцыйны характар. Ужыванне фізічнай сілы і спецсродкаў прывяло да вялікай колькасці параненых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту.
Уначы офіс ПЦ “Вясна” падвергся нападу з боку міліцыі, у выніку чаго былі затрыманыя 10 супрацоўнікаў. Пазней праваабаронцаў адпусцілі. Аднак з офісу была канфіскаваная ўся камп’ютарная тэхніка, іншыя носьбіты інфармацыі. Таксама ўначы быў праведзены ператрус на офісе “Хартыі’97". Усю ноч адбываліся затрыманні ў кватэрах лідэраў апазіцыі.
З улікам адпушчаных, дастаўленых у медустановы і змешчаных у СІЗА па крымінальных справах, колькасць затрыманых на Плошчы перавышала 700 чалавек.
Узбуджэнне КДБ крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт.293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) было выкарыстана выключна для працяглай ізаляцыі лідэраў апазіцыйнага дэмакратычнага руху, а таксама ў мэтах ціску і запалохвання ўсёй незалежнай грамадзянскай супольнасці краіны, незалежных журналістаў і СМІ, праваабаронцаў, а таксама ўсіх іншадумцаў у краіне. Колькасць палітычных вязняў у краіне дасягнула рэкорднай за перыяд 16-гадовага кіравання Лукашэнкі колькасці. На сёння пяць з іх па-ранейшаму застаюцца за кратамі: Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў. Іншыя палітвязні, якія выйшлі на волю, былі змушаныя напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. У турмах яны падвяргаліся фізічным і псіхалагічным катаванням.
Дзясяткі еўрапейскіх арганізацыяў асудзілі дзеянні беларускіх уладаў. 20 снежня адкрыты зварот да прэзідэнта Беларусі з заклікам вызваліць сотні дэманстрантаў, журналістаў, палітыкаў, затрыманых за мірнае выражэнне сваёй думкі падпісалі арганізацыі Сеткі Дамоў правоў чалавека. Са зваротамі выступілі праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя», Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), Міжнародная федэрацыя журналістаў, Праваабарончая арганізацыя Freedom House, старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек, урады краінаў ЗША і Еўрасаюзу.
У Мінску пачаў працу Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі
чалавека ў Беларусі. Утварыць яго пастанавіла кааліцыя няўрадавых
арганізацый краін АБСЭ. У Камітэт увайшлі каля 30 міжнародных арганізацый,
сярод іх: Міжнародная грамадзянская ініцыятыва для АБСЭ (ICI OSCE), Маскоўская Хэльсінкская група
— МХГ (Расія), Міжнародная сетка "Свабода, законнасць і правы ў
Еўропе" (FLARE), Міжнародны моладзевы праваабарончы рух (МПД).
Пачынаючы з 19 снежня 2010 года, у краіне назіраецца рэзкае павелічэнне хвалі
палітычна матываваных рэпрэсіяў і фактаў парушэння правоў чалавека. Назіраецца вяртанне ўладаў Беларусі
да жорсткіх і рэпрэсіўных метадаў уздзеяння на структуры палітычных партый,
грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ.