Савет Рэспублікі лічыць дастатковай папулярызацыю беларускай мовы
Адказ з Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі прыйшоў аўтару ідэі грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» Ігару Случаку. Нагадаем, гомельскі актывіст прапаноўваў увесці інавацыю: даплочваць прэмію тым чыноўнікам і супрацоўнікам арганізацый, якія вядуць сваю дакументацыю па-беларуску.
У адказе адзначаецца, што ў Беларусі ладзіцца дастаткова мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы і культуры, а ў краіне налічваецца больш за 3200 груп з арганізацыяй адукацыйнага працэсу на беларускай мове, у якіх навучаецца каля 46 тысяч дзяцей.
Далей у адказе тлумачыцца, што на падставе канстытуцыйных нормаў і руская, і беларуская мовы маюць роўны статус. Таму ўсялякія прывілеі ці абмежаванні правоў па моўных прыкметах недапушчальныя.
«Хоць і быў атрыманы адмоўны адказ, я мушу з ім пагадзіцца, бо фармальна па дзеючых прававых нормах цэнтралізаванае наданне прывілеяў носьбітам адной з моваў па моўнай прыкмеце недэмакратычна, - каментуе Случак. - Хоць у выпадку беларускай мовы гэта было б цалкам апраўдана і жыццёва неабходна. Але ніхто не забраняе, што падмацоўвае і адказ з Савета Рэспублікі, наймальнікам самім уводзіць дадатковыя нормы, што могуць стымуляваць ужыванне беларускай мовы ў справаводстве. Застаецца толькі верыць і спадзявацца на тое, што наймальнікі-беларусы, а іх у нашай краіне 80%, зробяць так, каб мова іх нацыянальнасці заняла дамінуючыя пазіцыі напачатку ў іх установах, а пасля і ў межах усёй Беларусі. Усё залежыць ад кожнага».