Фюле твіціць у падтрымку беларускіх палітвязьняў
Эўракамісар
Штэфан Фюле з нагоды гадавіны Плошчы напісаў у сваім твітэры:
«Спрабую глядзець наперад, але ўспаміны пра прэзыдэнцкія выбары 2010-га не зьнікаюць.
Усе палітычныя зьняволеныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя».
Некалькі дзён таму Эўракамісар Штэфан Фюле сустрэўся ў Брусэлі з намесьнікам
старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцінам Стэфановічам і старшынёй
Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной.
Вось што па выніках сустрэчы спадар Фюле сказаў нашаму карэспандэнту:
"Нашае пасланьне да Беларусі і да беларускага народу ў тым, што мы на іх
баку, мы на баку тых, хто хоча мець больш дэмакратыі, больш разьвітую, сучаcную і эўрапейскую краіну. Мы на
баку тых, хто згодны, што ў Эўропе 21-га стагодзьдзя няма месца палітычным
вязьням. Нашае пасланьне заключаецца ў поўнай падтрымцы грамадзянскай
супольнасьці і тых, хто прасоўвае гэтыя ідэі. Пасланьне ў тым, што мы будзем
працягваць займацца гэтым".
Два гады таму на прэзыдэнцкіх выбарах у
Беларусі ЦВК зноў абвясьціў перамогу Аляксандра Лукашэнкі, за якога, паводле
ЦВК, прагаласавалі 79,67% выбаршчыкаў. Нязгодная з вынікамі выбараў апазыцыя
наладзіла масавую акцыю пратэсту, у выніку якой было затрымана 639 чалавек.