День Сьвятога Валянціна адзначаны шматлікімі затрыманьнямі моладзевых актывістаў
Як ужо паведамлялася раней, Менскі гарвыканкам адмовіў актывістам арганізацыі “Малады Фронт” у правядзеньні традыцыйнай акцыі, прымеркаванай да Дня закаханых, па фармальных прычынах. Аднак нягледзячы на гэта, моладзь заяўляла пра рашучы намер правесьці тэатралізаванае шэсьце пад лозунгам “Любові! Свабоды! Пераменаў!”.
Улады спрабавалі запалохаць актывістаў і сарваць мерапрыемства.
Так на допыт у КДБ на 16 гадзінаў былі выкліканы лідэры "Маладога Фронту" Зьміцер Хведарук і Алег Корбан, якія зьяўляюцца падазраванымі па арт.193.1 КК РБ. Паколькі яны давалі падпіску зьяўляцца на допыты, то былі вымушаныя гэта зрабіць. Сяргея Лісічонка супрацоўнікі КДБ забралі на допыт з дому. Некаторых моладзевых актывістаў затрымалі на вуліцы да пачатку запланаванай акцыі і даставілі ў розныя РУУС Менску, сярод іх - Сяргей Гумінскі, Людміла Атакулава, намесьнікі старшыні Моладзі БНФ Ільля Богдан і Франак Вячорка, сябра Рады Моладзі БНФ Андрусь Ігнатовіч. Ля пад’ездаў дамоў некалькіх сяброў “Маладога Фронту” дзяжурылі міліцыянты ў цывільным.
За гадзіну да пачатку правядзеньня мірнай акцыі супрацоўнікі праваахоўных органаў ачапілі плошчу Свабоды і нікога туды не пускалі. Каля касьцёлу, дзе планавалі сабрацца маладафронтаўцы, стаялі аўтазакі і патрульныя міліцэйскія машыны. Прасьпект Незалежнасьці ад гатэля “Мінск” да плошчы Якуба Коласа патрулявалі байцы ПМСС у форме і ў цывільным.
Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды і ціск з боку ўладаў, моладзевае шэсьце “Беларусь у Еўропу”, у час якога ўдзельнікі раздавалі “валянцінкі” з прызнаньнем у каханьні да Еўропы і віншавалі амбасады заходніх дзяржаваў, адбылося!
Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай моладзі з расьцяжкамі, скандуючы лозунгі "Жыве Беларусь!", "Верым, можам, пераможам!", "Беларусь — у Еўропу!", прайшліся па замежным амбасадам. Міліцыя — галоўным чынам у цывільным — не перашкаджала, аднак падчас шэсьця быў затрыманы прэс-сакратар МФ Барыс Гарэцкі і некалькі ягоных паплечнікаў.
Моладзь перадала ў нямецкае дыпламатычнае прадстаўніцтва кветкі і віншаваньні з нагоды Дня сьвятога Валянціна, а таксама петыцыю, у якой гаворыцца пра неабходнасьць уступленьня Беларусі ў Еўразьвяз.
Пазней усе затрыманыя без складаньня пратаколаў былі адпушчаныя на свабоду.
У той час акцыя, прысьвечаная Дню сьвятога Валянціна, у Салігорску была жорстка разагнаная. Некалькі чалавек таксама было затрымана да пачатку мерапрыемства. З самае раніцы супрацоўнікі КДБ у цывільным прыехалі ў школу да маладафронтаўцаў братоў Шылаў, каб паспрабаваць запалохаць і папярэдзіць іх аб адказнасьці за Акцыю Любові. Тым ня менш Ільля і Іван Шылы, а таксама Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў, Павал Філіпеля, Віталь Амільковіч і Андрусь Тычына былі затрыманыя, а сама акцыя жорстка разагнаная супрацоўнікамі міліцыі і КДБ, якіх па падліках маладафронтаўцаў адмыслова прыехала 5 машынаў і адзін аўтобус. Нягледзячы на рэпрэсіі, моладзь заставалася ў цэнтры горада і працягвала раздаваць мінакам паштоўкі-віншаваньні да Дня сьвятога Валянціна.
Праз нейкі час усе затрыманыя былі вызваленыя, акрамя Паўла Батуева.
Сьвята ўсіх закаханых адзначыла моладзь у іншых гарадах Беларусі.