У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца судовы працэс над Канстанцінам Лукашовым
Крымінальная справа заведзена на навукоўца-геахіміка Канстанціна Лукашова, брата апазіцыянера Вячаслава Сіўчыка, паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу РБ (непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі) і прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавачваюць у тым, што 29 сакавіка, калі ён забіраў на аўтамабіле з клінікі зьбітага падчас сакавіцкіх падзей брата, штурхаў міліцыянта і зьбіў машынай.
Канстанцін Лукашоў абвінавачаньняў не прызнае і ўказвае на несупадзеньні ў сьведчаньнях. "Нават абвінавачаньні нямога ў антыдзяржаўных лозунгах выглядаюць больш грунтоўнымі” – напісаў ён з турмы.
Сёньня на судовае паседжаньне прыйшлі не толькі родныя абвінавачанага, падтрымаць сп.Лукашова прыйшлі прадстаўнікі грамадзкасьці, праваабаронцы, прадстаўнікі дыпламатычных місій, журналісты, аднак ў залу трапілі ня ўсе ахвотныя, бо незадоўга да пачатку паседжаньня міліцыянты перакрылі ўваход.