У стаўбцоўскім пастарунку памерлі два чалавекі
У ізалятары часовага ўтрыманьня Стаўбцоўскага РАУС памерлі два чалавекі, якія адбывалі там адміністрацыйны арышт.
Паводле
папярэдніх дадзеных, 7 сьнежня за дробнае хуліганства ў ІЧУ
Стаўбцоўскага РАУС даставілі 51-гадовага мужчыну. У панядзелак
10 сьнежня суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага
арышту тэрмінам на 5 сутак. Паколькі ў мужчыны ўжо мелася
не адбытае пакараньне ў выглядзе арышту на 10 сутак,
то агульны тэрмін адміністрацыйнага арышту склаў 15 сутак. Пакараньне
мужчына пачаў адбываць у тым жа ізалятары Стаўбцоўскага РАУС.
На наступны дзень, 11 сьнежня, у ІЧУ даставілі 24-гадовага
хлопца. На наступны дзень суд прызнаў яго вінаватым
у адміністрацыйных правапарушэньнях і прызначыў яму пакараньне
ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам 10 сутак, паведамляе «Ежедневник».
У суботу 15 сьнежня ў сувязі з правядзеньнем будаўнічых
работ на тэрыторыі Стаўбцоўскага РАУС і неабходнасьцю пераносу рэчаў,
па рапарце старшага інспэктара і з дазволу намесьніка начальніка
аддзела РАУС адміністрацыйна арыштаваных прыцягнулі для выкананьня гаспадарчых
работ. Пры гэтым, паводле сьцьвярджэньня супрацоўнікаў, ад арыштаваных была
атрыманая вусная згода на выкананьне гаспадарчых работ на тэрыторыі
РАУС. Так гэта было ці не, але абвергнуць супрацоўнікаў міліцыі сёньня
няма каму.
Арыштаваныя а 10-й гадзіне пачалі працаваць. Паводле дадзеных МУС, празь
дзьве гадзіны, у 11:58 51-гадоваму мужчыну раптам стала дрэнна. Яму
выклікалі «хуткую», якая адвезла арыштаванага ў Стаўбцоўскую бальніцу, дзе
той памёр у 12:20. А ў 12:18 на лесьвічным маршы, што вядзе
ў сутарэньне РАУС, знайшлі без прытомнасьці й 24-гадовага хлопца. Яму
таксама выклікалі «хуткую», але вынік быў такім жа. Хлопец памёр
у машыне хуткай дапамогі ў 12:38.
Паводле вынікаў роспалаці, сьмерць арыштаваных наступіла ад атручваньня
невядомым ядам, які ўтварае метгемаглабін.
Супрацоўнік міліцыі, які кіраваў ходам гаспадарчых работ і даваў
распараджэньні арыштаваным, сьцьвярджае, што загінулыя самастойна пераносілі
рэчы з аднаго будынка ў іншы ўнутры дваровай тэрыторыі РАУС
і не маглі выйсьці вонкі. Па меркаваньні супрацоўнікаў міліцыі,
арыштаваныя самі знайшлі нейкую вадкасьць на тэрыторыі РАУС, якую выпілі
і атруціліся.
Аднак у справе ўсё роўна застаецца мноства пытаньняў. Па-першае, што гэта
за вадкасьць, калі на тэрыторыі не было знойдзена пустых
ёмістасьцяў ад яе. Ды і якім чынам атрута трапіла
на тэрыторыю аддзяленьня міліцыі?
Нават пры цяжкім атручваньні ядамі ў пацярпелых ёсьць некалькі гадзін на тое, каб ім аказалі дапамогу і выратавалі
Па-другое, згодна з высновамі мэдыкаў, нават пры цяжкім атручваньні ядамі
ў пацярпелых ёсьць некалькі гадзін на тое, каб ім аказалі дапамогу
і выратавалі. Іншымі словамі, сьмерць пры цяжкіх атручваньнях наступае
празь некалькі гадзін толькі пры неаказаньні мэдыцынскай дапамогі. А тут
зьявіліся першыя сымптомы, выклікалі «хуткую» і празь некалькі хвілін
чалавека ўжо няма.
Магчыма, калі атручваньне і адбылося, то адбылося значна раней таго
часу, калі супрацоўнікі міліцыі выклікалі хуткую мэдыцынскую дапамогу.
Адрэагавалі толькі тады, калі ўжо было зусім позна.
Так ці інакш, але цяпер па справе праводзіцца дадатковая праверка,
якая павінна высьветліць, якім чынам у Стаўбцоўскім РАУС так гінуць людзі.
Людміла Гразнова, старшыня зарэгістраванага ў Вільні
«Праваабарончага альянсу», кажа, што рабіць нейкія высновы ў гэтай справе
магчыма будзе толькі пасьля афіцыйнага расьсьледаваньня:
«У дадзеным выпадку трэба разьбірацца і высьвятляць усе
абставіны — што гэта за бутэлька, з чым яна была. Толькі пасьля
расьсьледаваньня можна сказаць, што ж там было на самой справе.
Мяне насьцярожвае, што апошнім часам пачасьціліся выпадкі, калі МУС выстаўляецца
структурай, дзе ўсё вельмі кепска і робіцца незаконна, а іншая
структура, КДБ — вельмі моцная і стаіць на варце закону.
У КДБ мы бачым страшэнную актыўнасьць, і артыкулы пра іх,
якія яны моцныя і добрыя.
Таму я не выключаю, што такія выпадкі ідуць у нейкім сцэнары
барацьбы паміж сілавымі структурамі».