Рубінаў: У дэкрэце № 9 няма ні парушэнні Канстытуцыі, ні элементаў прыгоннага права
20 снежня члены Савета Рэспублікі прынялі да ведама неадназначна ўспрыняты ў грамадстве дэкрэт кіраўніка дзяржавы № 9 ад 7 снежня 2012 года «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці». За прагаласавалі 51 з 53 дэпутатаў, якія прысутнічалі ў зале парламентарыяў, двое не галасавалі.
Члены Савета Рэспублікі на пленарным пасяджэнні дэкрэт не абмяркоўвалі. У такой сітуацыі слова ўзяў спікер Анатоль Рубінаў: "Ідзе вялікі шум у інтэрнэце. Да мяне зьвярталіся, ці няма тут парушэння Канстытуцыі, ці няма элементаў прыгоннага права? Нічога там няма. Гаворка ідзе пра абавязальніцтвы кіраўнікоў. <...> Дадатковая адказнасць ускладаецца на работнікаў, калі яны будуць атрымліваць дадатковыя выплаты".
Палата прадстаўнікоў падтрымала гэты дэкрэт 17 снежня.
Прадстаўляў дэкрэт парламентарыям старшыня камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Мікалай Казаровец.
Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі дадзенага акта, "дэкрэт выдадзены ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання мер дзяржаўнай падтрымкі ў ходзе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці, умацаванню працоўнай дысцыпліны і матэрыяльнага стымулявання работнікаў".
Нагадаем, дэкрэт абмяжоўвае працоўныя правы працаўнікоў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасці, усе яны павінны быць пераведзены на кантрактную форму найму, прычым датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў (па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, гэта 2013-2014 гады) па ініцыятыве работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджана старшынёй абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.
У выпадку парушэння работнікамі гэтых прадпрыемстваў сваіх працоўных абавязкаў і звальнення яны павінны пакрыць грашовыя выплаты, якія будуць налічвацца ім дадаткова да зарплаты. "Пры незвароце дадзеных выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца па рашэнні суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Асобы, якія не знаходзяцца ў працоўных адносінах, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы" , - сказана ў дэкрэце.
Дэмакратычныя арганізацыі і незалежныя прафсаюзы лічаць, што дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, а таксама канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы аб забароне прымусовай працы, якую ратыфікавала Беларусь.