Ідэолагі Магілёўшчыны пераконваюць, што карупцыя зніжаецца
20-га снежня ў Магілёўскай вобласці адбыўся чарговы “адзіны дзень інфармавання насельніцтва”. Традыцыйна кожны месяц сотні ідэолагаў і чыноўнікаў розных рангаў рухаюцца “у народ”, распавядаючы пра небывалыя дасягненні квітнеючай Беларусі і адрываючы людзей ад працы ў іх працоўны час.
На гэты раз сярод тэмаў, якія асвятлялі ідэолагі шэраговым грамадзянам Магілёўскай вобласці, асноўнае месца займала “Аб стане і прымаемых мерах па процідзеянню карупцыі”.
Згодна інфармацыі ідэолагаў, за дзевяць месяцаў 2012 года ў параўнанні з мінулым годам у Магілёўскай вобласці значна знізілася як агульная колькасць злачынстваў, якіх было зарэгістравана 8331 (у 2011 годзе – 11360), так і колькасць злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, якіх было зарэгістравана 172 (316 – у 2011 годзе). Удзельная вага карупцыйнай злачыннасці ў агульнай злачыннасці склала 2 % (2,7 % у мінулым годзе).
У структуры карупцыйных злачынстваў на Магілёўшчыне асноўнае месца занялі дача хабару – 28 %, крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі – 27 %, атрыманне хабару – 17 %, злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі – 11 %, пасярэдніцтва ў хабарніцтве – 10 %.
Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зарэгістравана ў адукацыі – 33 (2011 – 54), прамысловасці – 22 (38), дзяржаўным кіраванні – 14 (11), сельскай гаспадарцы – 13 (24), ахове здароўя – 12 (4), гандлю – 13 (10).
Карупцыйныя злачынствы ў гэтым годзе ў Магілёўскай вобласці здзейснілі 118 асобаў, што на 19 % менш, чым за аналагічны перыяд 2011 года (147).
Па словах чыноўнікаў ад ідэалогіі, на працягу года органамі пракуратуры Магілёўскай вобласці праведзена 60 праверак выканання дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства (у 2011 – 50). Унесена 37 прадстаўленняў (36), 40 (23) прадпісанняў, вынесена 7 (5) пратэстаў, адменена 8 (7) незаконных актаў, 67 (20) асобаў афіцыйна папярэджана аб недапушчальнасці парушэнняў закону, па выніках праверак узбуджана 4 (1) крымінальныя справы карупцыйнай накіраванасці.
Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду 56 асобаў прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці (з іх 4 пазбаўлена займаемай пасады), 6 – да адміністрацыйнай, 29 – да матэрыяльнай на суму 32 150 000.
Паказальна, але прысутныя на “адзіным дні інфармавання насельніцтва” працаўнікі чамусьці не вельмі верылі расповядам аб зніжэнні ўзроўня карупцыйных злачынстваў. У прыватнасці, па словах аднаго з працаўнікоў ААТ “Новая Друць” Бялыніцкага раёна, парушэнняў карупцыйнага зместу ў гаспадарцы вельмі шмат, аднак чамусьці праваахоўныя органы іх не заўважаюць.
Выказваюць сумнеў у тым, што ўзровень карупцыйнай злачыннасці ў вобласці знізіўся, і жыхары Шклоўскага раёна. Дарэчы, зараз адной з асноўных тэм для абмеркавання у Шклове з’яўляецца вынятка дакументаў і агляд памяшканняў, які праводзілі супрацоўнікі Магілёўскага АБЭЗ 17-18 снежня на мясцовым РУВП “Завод газетнай паперы”.